Сцяг Чацвер, 21 мая 2026
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 лютага 2026, 14:55

Беларусь да 2030 года плануе павялічыць вытворчасць малака да 10,5 млн тон

26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь да 2030 года плануе павялічыць вытворчасць малака да 10,5 млн тон, паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Мінсельгасхарча Наталля Соніч на V Міжнародным галіновым форуме "Малочная ферма" ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 

Прырост да ўзроўню 2025 года складзе 114 працэнтаў. "За мінулы год у рэспубліцы атрымалі амаль 9,2 млн т малака. Задача на 2030 год - атрымаць ва ўсіх катэгорыях гаспадарак 10,5 млн т, да 2035-га - 11,5 млн т малака", - расказала Наталля Соніч, дадаўшы, што дасягнуць такіх паказчыкаў плануецца ў першую чаргу за кошт павышэння эфектыўнасці, работы з кармавой базай, кадрамі, укаранення перадавых тэхналогій, селекцыі.

Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача перавесці ўвесь дойны статак на сучасныя ўмовы ўтрымання. Паводле даных на 1 студзеня, у краіне налічвалася 1703 сучасныя малочнатаварныя комплексы (МТК), дзе вырабляецца звыш 80 працэнтаў малака і ўтрымліваецца больш як 77 працэнтаў дойнага статка. Будуць пабудаваны новыя аб'екты і рэканструяваны існуючыя - толькі ў гэтым годзе каля 80. Прапрацоўваецца адпаведны пералік на наступны год. Акцэнт - на аўтаматызацыі працэсаў, што значна аблягчае працу сялян.

Акрамя МТК плануецца ўзвядзенне 520 прафілакторыяў для цялят. Да пачатку зімовага перыяду трэба будзе перавесці ўвесь маладняк буйной рагатай жывёлы ў такія памяшканні, дзе жывёлы будуць адпаведным чынам дагледжаны, накормлены. Іх абсталююць малочнай кухняй, аўтаматычнымі сістэмамі мыцця. 

"Вобласці ўзялі на сябе павышаныя абавязацельствы і пабудуюць прафілакторыі на 96,7 тыс. жывёла-месцаў. Сфарміраваны пайменныя пералікі, разглядаецца пытанне фінансавання, падтрымкі пры праектаванні і будаўніцтве", - расказала Наталля Соніч. 

V Міжнародны галіновы форум "Малочная ферма" стартаваў 25 лютага. Упершыню ён праходзіць у двухдзённым фармаце. Тэма - "Эканоміка малака: гульня на павышэнне". У мерапрыемстве прымаюць удзел больш як 750 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі і больш як 40 аўтарытэтных экспертаў. Выступленні арганізаваны ў фармаце жывога дыялогу, дыскусій, абмену думкамі. У цэнтры ўвагі такія актуальныя тэмы, як эфектыўнае кіраванне малочнай фермай, лічбавізацыя, захаванасць пагалоўя, узнаўленне, кормавытворчасць. 

Пляцоўка аб'яднала лідараў галіны, аўтарытэтных экспертаў з Беларусі і Расіі, кіраўнікоў гаспадарак, галоўных спецыялістаў (заатэхнікаў, ветэрынараў, селекцыянераў), намеснікаў кіраўнікоў па сельскай гаспадарцы малочных заводаў, пастаўшчыкоў абсталявання, тэхналогій і рашэнняў і інш.

У рамках форуму арганізавана выставачная экспазіцыя інавацый. Асобным сэнсавым акцэнтам стаў фотапраект "Дынастыі: вёска ў спадчыну" - аб сем'ях, для якіх работа ў вёсцы стала справай некалькіх пакаленняў. Праект расказвае аб пераемнасці, адказнасці і выбары застацца ў прафесіі, нягледзячы на ​​змяненні часу і ўмоў.

Традыцыйная частка праграмы - узнагароджанне лепшых работнікаў малочнай жывёлагадоўлі.-0-

Фота Таццяны Матусевіч
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі