Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
17 чэрвеня 2022, 12:01
Таццяна Путрык

Падаткі для ІП у 2022 годзе: якія нюансы варта ўлічыць

Таццяна Путрык
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах

У Беларусі ўнесены папраўкі ў Падатковы кодэкс. Некаторыя змяненні датычацца падаткаабкладання індывідуальных прадпрымальнікаў. Аб якіх навацыях варта ведаць, расказала на семінары ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Таццяна Путрык.

Спрошчаная сістэма падаткаабкладання

Найбольш істотныя змяненні для ІП з 2022 года датычацца спрошчанай сістэмы падаткаабкладання (ССП). Абмежаванняў, пры якіх індывідуальныя прадпрымальнікі не маюць права прымяняць гэту сістэму, стала больш. Так, з 1 студзеня ССП не могуць выкарыстоўваць ІП, якія аказваюць паслугі. Выключэнне ў заканадаўстве зроблена для тых, хто працуе ў сферы турызму, аховы здароўя, сухапутнага транспарту, камп'ютарнага праграмавання, аказвае паслугі па грамадскім харчаванні. Аднак варта звярнуць увагу на тое, што, напрыклад, дзейнасць ІП па прадастаўленні паслуг экскурсавода згодна з класіфікатарам не адносіцца да турыстычнай (гэта значыць прымяняць ССП нельга). У 2022 годзе выкарыстоўваць ССП могуць ІП, якія выконваюць работы, гандлююць оптам або ў розніцу, займаюцца рэалізацыяй маёмасных правоў і некаторымі іншымі відамі дзейнасці.

Тым, хто страціў права на ССП, не трэба паведамляць аб гэтым падатковай службе. Такія плацельшчыкі ў 2022 годзе могуць прымяняць агульны парадак падаткаабкладання, які прадугледжвае выплату падаходнага падатку з фізічных асоб. Паведамленняў таксама не патрэбна - па выніках квартала індывідуальны прадпрымальнік проста прадстаўляе дэкларацыю па падаходным падатку. "Акрамя таго, можна перайсці на сістэму выплаты адзінага падатку, але толькі ў адносінах да пэўных відаў дзейнасці", - дадала Таццяна Путрык.

Спецыяліст растлумачыла, як разабрацца, ці мае ІП права на ССП або не. "Спачатку трэба вызначыць, ці з'яўляецца від дзейнасці плацельшчыка паслугай. Варта кіравацца тэрмінамі "работа" і "паслуга", якія замацаваны ў Падатковым кодэксе. Так, работа - гэта дзейнасць, вынікі якой маюць матэрыяльнае праяўленне і могуць быць рэалізаваны для задавальнення патрэбнасцей арганізацый або фізічных асоб. Паслуга - гэта дзейнасць, вынікі якой не маюць матэрыяльнага праяўлення, рэалізуюцца або спажываюцца ў працэсе яе ажыццяўлення ці пасля завяршэння. Згодна з дагаворам аказання паслуг заказчык аплачвае выканаўцу дзейнасць, а не яе вынік", - звярнула ўвагу яна. Прыклады паслуг - рамонт абсталявання, транспартных сродкаў, адзення, абутку, розных бытавых электрапрыбораў, мабільных тэлефонаў, тэхнічнае абслугоўванне абсталявання, распілоўка драўніны, устаноўка кандыцыянераў.

Аднак у будаўнічай сферы свая спецыфіка. Узвядзенне, рэканструкцыя і рамонт аб'ектаў вызначаюцца як работа, а не як паслуга. "Гэта звязана з тым, што будаўніцтва мае матэрыяльны вынік, якае падлягае прыёмцы згодна з дагаворам падраду. Да работ у гэтай галіне адносяцца ўстаноўка свяцілень, мантаж санітарна-тэхнічнага абсталявання, малярныя работы, шпакляванне памяшканняў, аклейванне сцен шпалерамі і гэтак далей. Паслугамі ў гэтай сферы будуць лічыцца тэхнічны нагляд, абследаванне будынкаў, паслугі лабараторый і іншыя аналагічныя", - растлумачыла прадстаўнік МПЗ.

Прадастаўленне інфармацыі, рэкламная, аўдытарская, дызайнерская, юрыдычная дзейнасць у падатковым заканадаўстве замацаваны як паслугі. Таксама дакладна вызначана, што здача ў арэнду маёмасці - гэта паслуга. Адпаведна, такія ІП страчваюць права прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання.

Калі ІП працуе па некалькіх напрамках і адзін з іх устанаўлівае абмежаванні на права прымянення ССП, то плацельшчык страчвае гэта права ў цэлым па ўсёй сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці. "Дапусцім, калі ІП адначасова здае ў арэнду будынкі і збудаванні, якія належаць яму па праву ўласнасці, і пры гэтым выконвае якія-небудзь работы, ён страчвае права на ССП і адносна работ", - растлумачыла Таццяна Путрык.

Пры гэтым з 1 студзеня 2023 года індывідуальныя прадпрымальнікі не змогуць прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. Гэта права захаваецца толькі для арганізацый.

Адзіны падатак

Змяненні закранаюць і сістэму выплаты адзінага падатку. "Гэта асаблівы рэжым падаткаабкладання. Індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права выплачваць адзіны падатак толькі пры ажыццяўленні пэўных відаў дзейнасці, якія названы ў Падатковым кодэксе. З 2022 года законам была скарочана сфера яго прымянення для ІП", - адзначыла прадстаўнік МПЗ.

Так, цяпер ІП не могуць прымяняць адзіны падатак, калі іх дзейнасць звязана з пасажырскім сухапутным і рачным транспартам. "Першае - гэта гарадскія і прыгарадныя перавозкі пасажыраў па ўстаноўленых маршрутах, па маршрутах "горад - аэрапорт" або "горад - вакзал", перавозкі аўтамабілямі таксі і іншыя перавозкі пасажыраў легкавымі аўто, у тым ліку арэнда аўто з вадзіцелем. Другое - перавозкі па рэках, каналах, азёрах, дзейнасць экскурсійных, прагулачных і турыстычных суднаў, паромаў, водных таксі, арэнда прагулачных суднаў з экіпажам", - растлумачыла спецыяліст.

Акрамя таго, у сферу прымянення адзінага падатку больш не ўваходзяць дадатковыя жыллёва-камунальныя паслугі. Да іх адносяцца ўстаноўка і тэхнічнае абслугоўванне дамафонаў, сістэм відэанагляду, арганізацыя работы і ўтрымання вахцёраў і кансьержаў у шматкватэрным жылым доме, азеляненне прыдамавых тэрыторый, добраўпарадкаванне і далейшае ўтрыманне.

ІП цяпер не могуць прымяняць адзіны падатак і ў тых выпадках, калі іх дзейнасць звязана з грамадскім харчаваннем (праз кафэ, у тым ліку міні- і летнія сезонныя), рознічным гандлем аўтамотатранспарту (легкавымі аўтамабілямі, матацыкламі, квадрацыкламі, снегаходамі, мотаролерамі, мапедамі, мотавеласіпедамі, скутарамі і іншым). Таксама з гэтай сферы выключаны і дыстанцыйны гандаль, у тым ліку продаж індывідуальнымі прадпрымальнікамі тавараў праз інтэрнэт-магазіны.

З 2022 года павялічаны стаўкі адзінага падатку па ўсіх відах дзейнасці. Пры гэтым былі прадугледжаны пераходныя нормы, якія прадастаўлялі права ІП перайсці на іншыя рэжымы падаткаабкладання на працягу студзеня.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі