20 лютага, Пхёнчхан /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты Нарвегіі выйшлі ў чвэрцьфінал алімпійскага турніру, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў першым раўндзе плэй-оф нарвежцы ва ўпартай барацьбе абыгралі ў авертайме сапернікаў са Славеніі - 2:1 (0:1, 0:0, 1:0, 1:0) і прабіліся ў васьмёрку мацнейшых. У чвэрцьфінале нарвежскія хакеісты згуляюць з расіянамі.
Раней хакеісты ЗША ўпэўнена перайгралі каманду Славакіі - 5:1 (0:0, 3:1, 2:0). У барацьбе за выхад у квартэт саіскальнікаў узнагарод амерыканцаў чакае сустрэча з чэшскімі хакеістамі.
У 15.10 адбудуцца яшчэ два матчы за выхад у чвэрцьфінальную стадыю Алімпіяды. Хакеісты Фінляндыі згуляюць з камандай Рэспублікі Карэя і ў выпадку поспеху будуць сапернічаць у 1/4 фіналу з дзеючымі алімпійскімі чэмпіёнамі - канадцамі. Пераможцу паядынку Швейцарыя - Германія ў чвэрцьфінале чакае сустрэча са зборнай Швецыі.
Чвэрцьфінальныя баталіі пройдуць 21 лютага, паўфіналы намечаны на 23 лютага. Матч за бронзу адбудзецца 24 лютага, паядынак за алімпійскі тытул - 25 лютага.-0-