19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тры экіпажы беларускай каманды "МАЗ-СПОРТаўта" ўвайшлі ў дзясятку мацнейшых аднаго з самых працяглых у ходзе гонкі - 12-га этапу "Дакара", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
На спецучастку ў 523 км Сяргей Вязовіч заняў шостае месца. Першым фінішаваў галандзец Тон ван Генугтэн на Iveco - 7 гадзін 2 мін. 36 сек. Сяргей Вязовіч адстаў ад пераможца на 26 мін. 20 сек. Восьмым завяршыў этап Аляксей Вішнеўскі - +35 мін. Дзясятая пазіцыя ў Аляксандра Васілеўскага - +39 мін.
У генеральнай кваліфікацыі на першы радок вярнуўся расіянін Эдуард Нікалаеў на КамАЗе, які апярэджвае аргенцінца Федэрыка Вілагру. Трэцяе месца ў Сяргея Вязовіча з адставаннем 3 гадзіны 26 мін. 14 сек. Пазіцыі беларуса ў агульным заліку надзейныя. Айрат Мардзееў на КамАЗе, які займае чацвёртае месца, уступае Вязовічу каля дзвюх гадзін.
Пераможца агульнага заліку ў класе грузавікоў вызначыцца на заключных 13 і 14 этапах паміж гарадамі Сан-Хуан і Кордава, дзе фінішуе ралі-рэйд.
Беларускія гоншчыкі ўдзельнічаюць у ралі-рэйдзе "Дакар" сёмы раз. Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам - тэлекам-аператар velcom. Марафон у гэтым годзе праходзіць па тэрыторыі трох краін - Перу, Балівіі і Аргенціны.-0-