Сцяг Нядзеля, 24 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 верасня 2017, 14:21

Беларускія барцы заваявалі 15 узнагарод на турніры на прызы Аляксандра Мядзведзя

18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія барцы заваявалі 15 узнагарод 47-га міжнароднага турніру Гран-пры на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У другі дзень спаборніцтваў беларускія спартсмены не змаглі здабыць медалі вышэйшай пробы. Сярэбраныя ўзнагароды заваявалі: Святлана Ламашэвіч (вагавая катэгорыя - 53 кг), Лаўра Чарашвілі (58 кг) і Раман Чытадзэ (86 кг). На трэцюю прыступку п'едэстала гонару ўзнімаліся Дзіяна Клімец, Хрысціна Федарашка (абедзве - 63 кг) і Наталля Ланько (75 кг).

На дзень раней уладальнікамі залатых узнагарод сталі: Ксенія Станкевіч (48 кг), Андрэй Бекранёў (57 кг) і Азамат Нурыкаў (65 кг). Сярэбраныя медалі на рахунку Ганны Вараб'ёвай (48 кг), Мадзіны Сідаковай (60 кг) і Ганны Садчанка (69 кг). На трэцюю прыступку п'едэстала ўзнімаліся Таццяна Яроменка (48 кг), Заліна Сідакова (55 кг) і Юлія Пісарэнка (60 кг).

Удзел у турніры ў сталічным Палацы спорту прынялі больш як 200 атлетаў з 11 краін, у тым ліку з Расіі, ЗША, Ірана і Украіны. Беларускую зборную прадстаўлялі больш за 50 спартсменаў.

Імянныя турніры на прызы Аляксандра Мядзведзя праводзяцца ў Мінску з 1970 года. З 1994 года па рашэнні Міжнароднай федэрацыі аб'яднаных стыляў барацьбы (FILA) турніру прысвоена катэгорыя Гран-пры. Рэкорд па колькасці краін-удзельніц (47) быў устаноўлены на юбілейным, 30-м турніры ў 2000 годзе.

Аляксандр Мядзведзь тройчы (у 1964, 1968 і 1972 гадах) станавіўся алімпійскім чэмпіёнам, яшчэ сем разоў выйграваў чэмпіянаты свету. Чатыры разы Мядзведзю не было роўных у Еўропе і дзевяць разоў - у першынстве СССР. Ён прызнаны лепшым барцом вольнага стылю ХХ стагоддзя.

Арганізатарамі міжнароднага турніру Гран-пры па вольнай барацьбе на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя выступілі Міністэрства спорту і турызму, Мінскі гарвыканкам, Нацыянальны алімпійскі камітэт, Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Беларуская федэрацыя барацьбы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі