Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 лютага 2016, 17:59

Колькасць гадзін на беларускую мову павялічыцца за кошт скарачэння факультатываў

19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць гадзін на беларускую мову павялічыцца за кошт скарачэння факультатываў, паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна сёння на прэс-канферэнцыі "Папулярызацыя беларускай мовы: сучаснасць і перспектывы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыла Ірына Булаўкіна, павелічэнне колькасці гадзін на вывучэнне беларускай мовы адбудзецца за кошт скарачэння колькасці гадзін на факультатыўныя заняткі. "Тым самым максімальная нагрузка на вучня не будзе павялічана", - сказала яна.

Галоўны спецыяліст упраўлення растлумачыла, што з наступнага навучальнага года з другога класа ў школах, незалежна ад мовы навучання, на беларускую і рускую мовы адводзіцца аднолькавая колькасць гадзін, як і на беларускае і рускае літаратурнае чытанне: на вывучэнне моў - тры гадзіны, літаратуры - дзве гадзіны ў тыдзень. Праз год новаўвядзенне з'явіцца ў другім-трэцім класах, праз два гады - у другім, трэцім і чацвёртым класах. "Такім чынам у пачатковай школе на працягу трох гадоў адбудзецца паступовы пераход да вывучэння дзвюх дзяржаўных моў у роўнай колькасці гадзін", - дадала Ірына Булаўкіна.

Увядзенне аднолькавай колькасці гадзін выклікана неабходнасцю стварэння роўных умоў вучням, якія навучаюцца ў беларускамоўных і рускамоўных школах, для вывучэння гэтых прадметаў і захавання прынцыпу пераемнасці на першай і другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

У першым класе колькасць гадзін застанецца ранейшай, таму што вучні толькі пачынаюць вывучаць грамату, фарміруюцца базавыя веды, уменні і навыкі чытання і пісьма.

Загадчыца кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурнай камунікацыі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы кандыдат культуралогіі Людміла Кажухоўская ў сваю чаргу расказала, якія новаўвядзенні запланаваны для адукацыі настаўнікаў. "У гэтым годзе мы наладзілі цудоўную праграму павышэння кваліфікацыі "Беларуская мова як сродак педагагічнай, навуковай і творчай дзейнасці". Назіраем празмерную цікавасць выкладчыкаў да гэтай праграмы", - заўважыла яна.

Паводле слоў Людмілы Кажухоўскай, з гэтага года ў праграму дзяржаўных навуковых даследаванняў уключаны заданні па стварэнні цэнтра сертыфікацыі беларускай мовы як замежнай, арыентаванага на замежных грамадзян. Будуць распрацаваны дзяржаўныя стандарты па беларускай мове як замежнай, тыпавыя, сертыфікацыйныя тэсты. "Спадзяюся, што вельмі хутка ў нас у Беларусі будзе дзяржаўны цэнтр сертыфікацыі беларускай мовы як замежнай", - рэзюмавала яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі