17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія школьнікі сталі лідарамі па пасадцы дрэў сярод 150 краін свету. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, паведамляе БЕЛТА.
Нядаўна ў Фінляндыі падвялі вынікі Міжнароднай алімпіяды па пасадцы дрэў "ENO Treelympics 2016", у якой прынялі ўдзел 623 школы з усіх кантынентаў. Беларусь стала пераможцам трэці год запар. Усяго за час алімпіяды было пасаджана 3,2 млн дрэў, з іх 2,2 млн пасадзілі беларускія ўдзельнікі. На другім месцы Турцыя - 840 тыс. дрэў.
У залік ішлі толькі дрэвы, зарэгістраваныя на афіцыйным сайце і пацверджаныя адпаведнымі дакументамі, напрыклад, нарадамі з лясніцтваў. У адпаведнасці з умовамі праекта, дрэвы павінны саджаць школьнікі або выхаванцы дзіцячых садоў, іх бацькі і педагогі.
З дзесяці школ свету, якія пасадзілі найбольшую колькасць дрэў, дзевяць беларускіх і адна турэцкая. Абсалютнымі лідарамі сталі вучні ДУ "Падароскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа" з Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці, якія пасадзілі 202358 дрэў. Гэта самы высокі рэзультат за ўсю гісторыю алімпіяды. Цікава, што перамагла сельская школа, у якой навучаюцца ўсяго 96 дзяцей.
Пераможцы алімпіяды будуць узнагароджаны на канферэнцыі "Дзейнічай цяпер" 14-17 чэрвеня 2017 года ў Фінляндыі.-0-