24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эканоміцы патрэбны энергічныя і прафесіянальныя кіраўнікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Адміністрацыя Прэзідэнта рэалізуе новыя падыходы ў рабоце з кадравым рэзервам. "Яе неабходна актыўна прадаўжаць. Эканоміцы патрэбны энергічныя і прафесіянальныя кіраўнікі", - сказаў ён.
Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі праведзена аптымізацыя дзяржапарату. "У нас чыноўнікаў менш, чым у іншых краінах. Пры гэтым трымаем іх у чорным целе, а націск і адказнасць велізарныя і ўзрастаючыя. У дзяржапараце павінны працаваць лепшыя людзі, сапраўдныя прафесіяналы", - сказаў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што Адміністрацыя Прэзідэнта павінна ў гэтым паказваць прыклад. "Калі праводзілі аптымізацыю, строга папярэдзіў аб недапушчальнасці "падснежнікаў" (так іх у савецкі час называлі, калі людзі атрымлівалі зарплату на нейкім прадпрыемстве, а працавалі ў райкаме, райвыканкаме, абкаме і гэтак далей). У нас, калі я не памыляюся, Адміністрацыя дапрацавалася да таго (пакуль гэта адзінкавы, напэўна, факт, трэба паглядзець і па іншых), што недзе чалавек атрымлівае зарплату, а працуе там. Барані вас Гасподзь, калі гэта пацвердзіцца", - сказаў беларускі лідар.
Асаблівы непакой у Прэзідэнта выклікае невысокая інавацыйнай актыўнасць прадпрыемстваў рэальнага сектара. "Чаму затраты на інавацыі ў фармацэўтыцы, электроніцы і вытворчасці электраабсталявання ў суме меншыя, чым у нафтаперапрацоўцы? Як развівацца без прынцыпова новых прадуктаў і агрэсіўнага маркетынгу на сусветных рынках?" - задаў пытанні Прэзідэнт.
Пытанні інавацый увязаны і з іншым ключавым прыярытэтам сацыяльна-эканамічнага развіцця - эфектыўнай занятасцю насельніцтва праз стварэнне высокапрадукцыйных рабочых месцаў на новых прадпрыемствах. "Гэта - дастойная зарплата, якасна іншы адукацыйны і прафесійны ўзровень чалавека", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-
