1 жніўня, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе прыкласці максімум намаганняў, каб ураджай у краіне быў як мага большы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў час азнаямлення з арганізацыяй уборкі збожжавых у Мінскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым годзе з-за гарачага надвор'я ў многіх краінах чакаецца вельмі вялікі недабор збожжа. Так, загінулі збожжавыя ў Германіі і Польшчы, не лепшым чынам складваецца сітуацыя ў Францыі і Іспаніі. У Расіі прагназуюць 25 працэнтаў недабору да ўзроўню мінулага года.
"Вядома, і мы штосьці страцілі, але не настолькі: нас яшчэ Гасподзь мілаваў. Таму трэба мець на ўвазе, што мы асабліва не кінемся недзе закупляць збожжа. На рынку яно будзе. Але, па-першае, будзе вельмі ў цане, а па-другое, зразумела, якія мы будзем купляць кармы па якасці. Таму максімум напружання для таго, каб сабраць да зернетка тое, што мы сёння вырасцілі, і кукурузу", - сказаў Прэзідэнт.
Размаўляючы з журналістамі, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўмовы надвор'я хоць былі і неідэальныя, але і не зусім сапсавалі сітуацыю на палях. "На надвор'е ківаць няма чаго, яно было нядрэннае. Вядома, хацелася, каб вясна была менш засушлівай, асабліва па поўдні, дзе ішло наліванне зерня, не хапала вільгаці, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Але трэба аддаць належнае, што быў першы ўкос траў добры, бо ў нас прайшлі ліўні. Мы нарыхтавалі больш, чым калі-небудзь, сена".
У той жа час, заўважыў Прэзідэнт, умовы надвор'я былі складаныя не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У многіх раёнах будзе вельмі добры ўраджай, калі яго своечасова ўбраць. "Гэта будзе наступнай тэмай маіх паездак. Нам трэба ўбраць у Магілёве, на поўначы і ў цэнтры Мінскай вобласці і асабліва ў Віцебскай усе пасевы збожжа да зернетка", - сказаў ён.
Паводле папярэдніх разлікаў, у бягучым годзе ўраджай у Беларусі будзе меншы на паўмільёна тон у параўнанні з мінулагоднім. Аднак запасы збожжа ў краіне складаюць 1,5 млн т, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. "Нам гэтага дастаткова для таго, каб забяспечыць вытворчасць малака, мяса, птушкі і іншага. Таму тут няма ніякіх пытанняў наконт забяспечанасці насельніцтва", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы наведаў сёння палі 1-й Мінскай птушкафабрыкі, дзе яму далажылі аб ходзе ўборкі збожжавых у краіне і рэгіёне. Паводле слоў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, у рэспубліцы ўжо ўбрана больш за 800 тыс. га, што складае каля 41 працэнта плошчы збожжавых і зернебабовых культур. Намалочана 2,5 млн т збожжа з ураджайнасцю 28,8 ц/га.
Аляксандр Лукашэнка таксама падрабязна пацікавіўся развіццём сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на тэрыторыі Мінскай вобласці і раёна. Прэзідэнту паведамілі, што некаторым моцным гаспадаркам можа не хапаць уласных зямель для вытворчасці неабходнай колькасці камбікорму. Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць пытанне перадачы такім сельгасарганізацыям адстаючых гаспадарак, каб тым самым падцягнуць узровень і іх вытворчасцей.-0-