Сцяг Пятніца, 17 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 лістапада 2015, 11:47

Палескі драмтэатр парадуе гледачоў прэм'ерамі спектакляў па творах Чэхава і Булгакава

19 лістапада, Брэст /Аляўціна Чарнаволава - БЕЛТА/. На сцэне Палескага драматычнага тэатра ў бліжэйшы час адбудуцца прэм'еры спектакляў, пастаўленыя па творах класікаў рускай літаратуры, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца літаратурна-драматычнай часткі ўстановы культуры Наталля Базан.

У новых пастаноўках будзе задзейнічана ўся трупа пінскага тэатра. Над спектаклем па п'есе А.П.Чэхава "Тры сястры" працуе Павел Марыніч. Малады рэжысёр прадставіць асучаснены варыянт прачытання класікі. Пастаноўшчыкам спектакля "Сабачае сэрца" па М.А.Булгакаву з'яўляецца Алена Гаўрыловіч. Абедзве прэм'еры адбудуцца ў пачатку 2016 года. Яны будуць своеасаблівым падарункам гледачам напярэдадні першага круглага юбілею тэатра, якому ў сакавіку споўніцца 10 гадоў.

Паводле слоў Наталлі Базан, на зіму прэм'еры спектакляў давялося зрушыць па графіку ў сувязі з прыемнымі абставінамі. Так, у кастрычніку пінчане ўдзельнічалі ў фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску, дзе заваявалі Гран-пры за "Пінскую шляхту". Гэтымі днямі калектыў вярнуўся з тыднёвых гастроляў з расійскага Петразаводска. У сталіцы Карэліі з поспехам былі паказаны "Канёк-Гарбунок", вострасацыяльная драма "Я так хачу дадому" і нацыянальная драма "Чорная панна Нясвіжа".

Усяго ж у дзясятым тэатральным сезоне пінчанам і гасцям горада абяцаюць паказаць не менш за восем прэм'ер, у тым ліку для дзяцей. У прыватнасці, цяпер акцёры актыўна рэпеціруюць навагодні спектакль па казцы С.Я.Маршака "12 месяцаў". Першая святочная пастаноўка пройдзе 19 снежня. Аж да Новага года артысты будуць паказваць яе тройчы ў дзень, пасля свята - два разы ў дзень. Да заканчэння школьных канікулаў навагоднюю казку змогуць паглядзець больш за 5 тыс. дзяцей з Пінска і бліжэйшых раёнаў.

Палескі драматычны тэатр адкрыўся ў сакавіку 2006 года. Яго можна назваць камерным, паколькі сцэна размяшчаецца вельмі блізка да залы і ў гледачоў ствараецца ўражанне, што яны непасрэдна задзейнічаны ў спектаклі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі