Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 красавіка 2024, 09:37

"Мы беглі ў пакетах да месца прызямлення". Як журналісты сустракалі з космасу Марыну Васілеўскую

Палёт на МКС стаў вельмі складанай місіяй не толькі для нашага першага касманаўта Марыны Васілеўскай, але і для беларускіх журналістаў. Каб сустрэць экіпаж карабля "Саюз МС-24" на Зямлі, яны не пабаяліся адправіцца ў казахскія стэпы, нягледзячы на пануючую там рэкордную за апошнія 80 гадоў паводку, халодныя ночы ў палатачным гарадку і верагоднасць, што касманаўты прыбудуць зусім не ў тое месца, дзе іх чакаюць СМІ.

Каманда рэпарцёраў з асноўных беларускіх масмедыя расказала, што засталося за кадрам іх работы па асвятленні падзеі асаблівай важнасці для нашай краіны.

Андрэй Варапай: "Я і думкі не дапускаў, што так можа здарыцца"

Спецыяльны карэспандэнт БЕЛТА Андрэй Варапай нават у дзяцінстве не марыў стаць касманаўтам, але калі ў канцы мінулага года даведаўся, што яго камандзіруюць у расійскі гарадок Зорны, вельмі ўзрадаваўся. Там трэніраваліся ў тым ліку дзве кандыдаткі на палёт у космас ад Беларусі Марына Васілеўская і Настасся Лянкова.

- Гэта вялікі поспех стаць сведкам гістарычнага моманту, важнага для нашай краіны, - гаворыць Андрэй, які за год пабываў не на адной трэніроўцы з удзелам нашай першай жанчыны-касманаўта.

Ён стаў адным з журналістаў, якія адправіліся на Байканур праводзіць экіпаж Алега Навіцкага ў космас.

- Яны павінны былі адправіцца на МКС 21 сакавіка. У той дзень мы прыехалі да гасцініцы "Касманаўт", адкуль многія дзесяцігоддзі праводзяць касманаўтаў пад песню "Трава каля дома" групы "Зямляне". Там ужо было шмат турыстаў, паводле падлікаў "Раскосмасу", прыкладна 1200. Для экіпажа агарадзілі дарогу - каб пабочныя асобы не кінуліся абдымацца або ціснуць руку. Касманаўты знаходзіліся на каранціне, да іх нават блізкіх не пускалі. Калі экіпаж выйшаў з гасцініцы, турысты рынуліся да яго, а нас з фотакарэспандэнтам БЕЛТА Паўлам Арлоўскім уціснула ў турнікеты, але мы прадаўжалі працаваць, - успамінае Андрэй.

Асаблівыя ўмовы работы на Байкануры адзначалі ўсе беларускія журналісты. У касмічным гарадку не аказалася доступу да інтэрнэту. Даводзілася выкручвацца.

- Першы час па тэлефоне дыктаваў заметку супрацоўніку БЕЛТА, які спецыяльна для гэтага ў 6 раніцы прыйшоў на работу. Для мяне гэта быў зусім новы вопыт, а старэйшыя калегі потым сказалі, што ў 1990-я толькі так і рабілі - інтэрнэту асабліва нідзе не было, - нагадвае спецыяльны карэспандэнт.

З вялікай цяжкасцю ён усё ж знайшоў Wi-Fi ў сталовай для работнікаў касмадрома, таму менавіта БЕЛТА першым перадало ў Беларусь інфармацыю і фота аб падрыхтоўцы экіпажа да старту.

У дзень старту Андрэй быў усяго за тры кіламетры ад ракеты. Хваляваўся. Больш за ўсё ў той момант, калі зразумеў: яна павінна ўжо быць у небе, але стаіць на месцы.

- Я і думкі не дапускаў, што такое можа здарыцца. Калі па гучнагаварыцелі аб'явілі, што адбылася адмена старту, адчуў пустату. Я ж многія месяцы працаваў дзеля моманту, калі "Саюз МС-25" узляціць. Па інерцыі адправіўся ў палатку для СМІ: калегі званілі кіраўнікам і тлумачылі, што адбылося. Чуў, як турысты скардзяцца: яны заплацілі за тое, чаго не ўбачылі ў выніку. Я быў расстроены, але больш за ўсё крыўдна было за Марыну. У нейкі момант нават здалося, што палёт адменяць. Лягчэй стала, толькі калі агучылі новую дату старту, - успамінае спецкар БЕЛТА.

Дарэчы, 23 сакавіка цырымонія провадаў экіпажа паўтарылася - са стартам экіпажа з гасцініцы "Касманаўт", песняй пра Зямлю ў ілюмінатары... Хіба што на дзвярах гасцініцы другі раз распісвацца не сталі.

- Проста касманаўты вельмі забабонныя, стараюцца не парушаць традыцый, - растлумачыў Андрэй.

Другая спроба запусціць "Саюз" аказалася паспяховай. За стартам спецкар БЕЛТА назіраў з той жа пазіцыі, што і першы раз.

- Вялізная ракета здавалася вышынёй з палавіну далоні, але калі гэта махіна пачала ўзлятаць, я зразумеў, за што турысты заплацілі круглыя сумы. Гэта полымя, што вырывалася з-пад ракеты, гэты гучну гул, які выразна чуваць і за тры кіламетры, - такое запамінаецца надоўга. Вельмі радаваўся, што экіпаж усё ж ляціць у космас, што ў Беларусі атрымалася падняцца так высока ў неба!

Павел Арлоўскі: "Мы беглі ў пакетах на нагах па стэпе да "Саюза"

Фотакарэспандэнт БЕЛТА Павел Арлоўскі перад самым стартам ракеты знаходзіўся бліжэй за ўсіх да "Саюза МС-25". Прычым абодва разы.

- Першы раз мы прыехалі на пляцоўку для запуску раней за экіпаж хвілін на 40. Да "Саюза" касманаўтаў прывезлі на аўтобусе. Праводзілі да ракеты пад рукі - скафандры цяжкія і не вельмі зручныя. Экіпаж нам махае рукой, пазіруе, усе ўсміхаюцца, а я хвалююся - гэтыя людзі мне сталі амаль роднымі, мы з імі за год прайшлі вялікі шлях падрыхтоўкі. Мы чакаем старт. Я з дакладнасцю да секунды ведаў, калі "Саюз" павінен узляцець. Падрыхтаваў фотатэхніку да работы. І раптам зразумеў, што час старту настаў, а нічога не адбываецца. Злавіў погляды калег, у якіх было неразуменне. Мы стаялі далёка ад гучнагаварыцеляў і не ведалі, што старт перанеслі. Былі ўпэўнены: ён проста затрымліваецца, таму не разыходзіліся. Зразумелі, што ракета ў той дзень нікуды не паляціць, толькі калі ўбачылі аўтобусы і машыны, якія мчаліся ў наш бок, - расказвае Павел.

Ён прызнаецца, што хваляваўся за экіпаж і ў рэзервовы для старту дзень. Затое якая была радасць, калі ракета адправілася на МКС! Дарэчы, Павел Арлоўскі не толькі апошнім праводзіў экіпаж Алега Навіцкага, але і адным з першых сустракаў яго.

- Да патрэбнага месца ляцелі на верталёце дзве гадзіны над стэпам. Сувязі не было, мы не разумелі, ці ўсё ідзе ў адпаведнасці з планам. Ляцелі туды, дзе капсула з касманаўтамі павінна была прызямліцца пры штатнай сітуацыі, але ведалі, што можа здарыцца і аварыйная пасадка - у зусім іншым месцы. У паветры калегі з "Раскосмасу" пачалі нацягваць да кален пакеты, абмотваць іх скотчам. Растлумачылі, маўляў, у стэпе моцна падтапіла. Мы зрабілі, як яны. А калі прызямліліся, аказалася, што зямля сухая і на вуліцы гарачыня. Але часу здымаць пакеты не было, давялося ў іх прабірацца скрозь калючкі і бегчы да капсулы з касманаўтамі, - смяецца фотакарэспандэнт.

Вялізны парашут у небе ён убачыў з акна верталёта, калі адзін з калег закрычаў: "Глядзіце!" - і паказаў удалячынь. У гэты момант усе адчулі вялікую палёгку.

- Пілот падляцеў бліжэй да спускаемага апарата і стаў кружыць. За гэтыя некалькі віткоў мы зрабілі з розных ракурсаў здымкі прызямлення. Яно, вядома, было ўражальным - такі слуп пяску ўзняўся ў паветра! Мы да гэтага часу ўжо ведалі: пры пасадцы выкарыстоўваюць піратэхнічныя сродкі, зарады для яе змякчэння. Верталёт прызямліўся прыкладна за 300 метраў ад касманаўтаў, мы без спынення беглі да іх, каб даведацца, ці ўсё ў парадку. Удалося зняць экіпаж праз ілюмінатар яшчэ да таго, як люкі адкрылі. Першым убачыў Алега Навіцкага  - ён расслаблена сядзеў у цэнтры і ўсміхаўся. Так я зразумеў, што ўсё прайшло спакойна, - расказвае Павел Арлоўскі.

Ён прызнаецца, што хваляваўся за Марыну: для яе гэта быў першы палёт, падрыхтоўка ішла ў скарочаныя тэрміны. Лічыць яе ўчынак гераічным, а саму першую беларускую жанчыну-касманаўта - смелым, шчырым і моцным чалавекам.

Ягор Ермаліцкі: "Суслік вылез перад стартам ракеты, і я зразумеў - гэта добры знак"

Фотакарэспандэнт выдавецкага дома "Беларусь сёння" Ягор Ермаліцкі раней за ўсіх зразумеў: у рэзервовы дзень ракета з Марынай Васілеўскай на борце дакладна ўзляціць. А ўпэўненасць у гэтым яму надаў... суслік.

- Фотатэхніка ўжо была настроена на работу, ракета вось-вось павінна стартаваць, як раптам я заўважыў, што побач з нары вылез суслік. Таксама вырашыў паглядзець на ўзлёт, напэўна, - усміхаецца Ягор. - Я адразу зразумеў: гэта добры знак, на гэты раз "Саюз" абавязкова даставіць касманаўтаў на МКС. Да таго ж у аб'ектыў камеры было відаць, што працэс запуску рушыў далей, чым першы раз. Дарэчы, калі запуск перанеслі, хваляваліся не толькі беларусы, але і жыхары Байканура - яны за ўсё сваё жыццё не маглі згадаць такога выпадку.

Легендарны Байканур, куды марыць трапіць кожны, хто хоць крыху цікавіцца космасам, паказаўся Ягору Ермаліцкаму падобным да музея пад адкрытым небам. Тут пануе атмасфера часоў Юрыя Гагарына.

- У перапынках паміж стартамі ўдалося пагуляць па горадзе - да гэтага не было свабоднай ад работы мінуты, - адзначае фотакарэспандэнт. - У Байкануры асаблівы вайб, гэты горад дыхае касмічнай тэматыкай. Тут шмат скульптур, прысвечаных ёй, яна ж адлюстравана ў муралах на сценах тыповых савецкіх пяціпавярховых дамоў, якія выстраіліся па абодва бакі праспекта Гагарына. Безумоўна, гэта вельмі атмасфернае месца.

Анастасія Бенедзісюк: "Калі мы ўбачылі парашут у небе, некаторыя заплакалі ад радасці"

Журналіст Белтэлерадыёкампаніі Анастасія Бенедзісюк адной з першых дабралася да месца пасадкі "Саюза МС-24" адразу пасля яго прызямлення. Вось толькі да гэтага давялося зрабіць доўгі і складаны шлях. І пачаўся ён з таго, што высветлілася: Казахстан, у стэпах якога прыземляцца касманаўты, накрылі моцныя ліўні. Такіх не было амаль 80 гадоў.

- За тры дні да прыбыцця экіпажа "Саюза МС-24" нам расказалі, што спецыялістаў і ваеннаслужачых, якія адправяцца на месца прызямлення апарата, укамплектуюць рызінавымі ботамі і лодкамі. Паводка ў Казахстане ўжо на той момант была рэкорднай! Гаварылі і пра выкарыстанне спецмашыны, якая перамяшчаецца па вадзе, - "Сіняя птушка". Такія ўжо 30 гадоў удзельнічаюць у выратавальных аперацыях пры спуску "Саюзаў". Нам, дзякуй богу, ні лодкі, ні рызінавыя боты не спатрэбіліся: хоць машыны з журналістамі і вязлі ў балоце і глыбокіх лужах, у цэлым 500 км да палявога лагера ў стэпе пераадолелі нармальна. Дарэчы, ён быў не адзінай кропкай, у наваколлі якой мог прызямліцца "Саюз МС-24". Была і другая. Спецыялісты спадзяваліся, што яна застанецца рэзервовай - там узровень вады дасягаў ужо два метры, - расказвае Анастасія Бенедзісюк.

У палявы лагер журналісты прыбылі вечарам у пятніцу, а гэта значыла, што ім трэба было перажыць халодную ноч у стэпе. Але ўжо раніцай Анастасія зразумела: усе перажытыя складанасці таго каштавалі. Гледзячы ў неба, убачыла над сабой вялізны парашут, які нясе капсулу з касманаўтамі.

- Гэта быў настолькі хвалюючы момант, што некаторыя плакалі ад радасці: парашут раскрыўся! Мы адразу пабеглі ў машыны, каб адправіцца на месца прызямлення, - капсулу пачало зносіць ветрам убок. У выніку давялося праехаць восем кіламетраў. Мы прыбылі туды крыху раней за ратавальнікаў і ўсіх спецыялістаў. Калі люкі "Саюза" адкрылі, першае, на што я звярнула ўвагу, - Марына такая ж прыгожая і ўсмешлівая, як ва ўсе нашы папярэднія сустрэчы. Гледзячы на яе не складвалася ўражанне, што палёт даўся складана, хоць гэта цяжкая работа і неймаверная нагрузка. Але наша першая жанчына-касманаўт усміхалася і была расчулена тым, як многа людзей прыйшло сустракаць экіпаж, - расказвае Анастасія Бенедзісюк.

Да касманаўтаў прыехалі не з пустымі рукамі. Анастасія з самой Караганды везла мініяцюрны букет рамонкаў - у вялікім проста не было сэнсу. Тэлевядучая Ганна Квілорыя з Мінска захапіла сала і хлеб. Намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Буча па заказе Марыны Васілеўскай прывёз яблычны сок, а для Алега Навіцкага - бярозавы.

- У Алега Навіцкага гэта даўняя традыцыя - пасля кожнага прызямлення рабіць глыток бярозавага соку, - тлумачыць журналістка і адзначае, што адчула вялікую гордасць у момант сустрэчы з экіпажам, які вярнуўся на Зямлю. - Гэта гордасць за Марыну Васілеўскую, за спецыялістаў, якія выбралі яе з усіх прэтэндэнтаў на палёт, за ўсю нашу краіну. Цяпер Беларусь прадстаўлена яшчэ і ў пілатуемай касманаўтыцы!

Алена ІВАШКА,
Фота БЕЛТА і субяседнікаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі