Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
01 кастрычніка 2019, 12:58
Лізавета Міснікава

Маё выступленне на дзіцячым "Еўрабачанні" павінна запомніцца еўрапейскаму гледачу

Лізавета Міснікава
Спявачка, прадстаўніца Беларусі на дзіцячым конкурсе "Еўрабачанне-2019"

Прадстаўніца Беларусі на дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2019" Лізавета Міснікава ўпэўнена, што яе выступленне павінна запомніцца еўрапейскаму гледачу. Аб гэтым юная выканаўца расказала карэспандэнту БЕЛТА.

"У нумары мы першапачаткова зрабілі акцэнт на танцах, таму што песня ў нас такая гарачая, я нават сказала б, крутая, як любяць тынэйджары. Некаторым маё выкананне нагадвае амерыканскую спявачку Білі Айліш. Падлеткі пазнаюць кампазіцыю, яна ім падабаецца, яны танцуюць пад яе - мы рабілі стаўку менавіта на гэта, - расказала Лізавета Міснікава. - Дзіцячае "Еўрабачанне" - гэта такі значны этап у маёй музычнай кар'еры. Песню "Попельны" пачуе ўся Еўропа. І самая галоўная мая мэта - выступіць годна, каб мяне запомнілі, і, вядома, перамагчы".

Паводле яе слоў, да міжнароднага конкурсу будзе зменены не толькі нумар, але і вобраз выканаўцы і яе падтанцоўкі. "Калі гаварыць аб новым вобразе, гэта будзе тое, што цяпер у модзе ў тынэйджараў. Каб, як толькі мы выйдзем на сцэну, нас запомнілі па касцюмах ужо", - адзначыла Лізавета Міснікава.

Юная спявачка дадала, што яе вобраз у фінале нацыянальнага адбору быў канчаткова завершаны за 10 гадзін да выхаду на сцэну. "Над ім працавала ўся наша творчая каманда: нехта куртку ўбачыў і прапанаваў прымераць, нехта плашч - кожны дадаў у касцюм сваю іскрынку. Думаю, і на гэты раз прапануюць што-небудзь арыгінальнае", - сказала яна.

Дзіцячае "Еўрабачанне-2019" пройдзе 24 лістапада ў польскай Глівіцы. Беларусь удзельнічае ў конкурсе песні з моманту яго заснавання - з 2003 года. На рахунку краіны дзве перамогі: у 2005-м конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй "Мы разам", у 2007-м - Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй "З сябрамі". У 2018 годзе Беларусь ужо другі раз была гаспадыняй дзіцячага "Еўрабачання" і сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю форуму: на сцэне "Мінск-Арэны" выступілі юныя артысты з 20 краін.

Усе правы, што маюць дачыненне да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі, як адзінаму ў краіне члену Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі