Сцяг Пятніца, 6 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
29 красавіка 2016, 10:31

Будучы кіраўнік ААН павінен быць моцнай асобай

Будучы Генеральны сакратар ААН павінен быць моцнай асобай. Такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю радыё ААН, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага МЗС.

На гэты момант ідуць гутаркі з патэнцыяльнымі кандыдатамі на гэту пасаду. Уладзімір Макей не выключыў, што спіс прэтэндэнтаў будзе пашырацца. "Не важна, хто прыйдзе на гэту пасаду, - мужчына або жанчына, пажылы або малады кандыдат. Вельмі важна, каб гэта была моцная асоба!" - лічыць міністр.

Гэта звязана з тым, што колькасць выклікаў, якія стаяць перад планетай, не змяншаецца, а павялічваецца. "Гэтыя выклікі прымаюць зусім нечаканы характар. І рэагаваць на іх таксама трэба неардынарнымі спосабамі і метадамі. Тут павінна быць адпаведнае палітычнае, кіраўніцкае чуццё ў кіраўніка ААН наконт таго, як зрэагаваць на тыя ці іншыя змяненні сітуацыі. Гэта могуць быць і праблемы тэрарызму, гэта могуць быць праблемы міру і бяспекі, наркатрафіка і гэтак далей", - перакананы ён. Неабходна таксама ацаніць існуючыя правілы работы. "Нельга дапусціць, каб прынятыя некалі правілы заставаліся раз і назаўсёды догмай. Магчыма, патрабуецца шліфоўка нейкіх правіл з улікам зменлівай сітуацыі, зменлівага развіцця ў свеце", - дадаў міністр.

Уладзімір Макей на пытанне, ці не мае намеру Беларусь вылучаць свайго кандыдата на пасаду Генеральнага сакратара, адказаў, што такіх планаў няма. "Мы бачым, што цяпер сярод патэнцыяльных кандыдатаў на пасаду будучага Генеральнага сакратара ёсць людзі, якія маглі б сапраўды быць добрымі кіраўнікамі гэтай арганізацыі на наступны перыяд", - растлумачыў міністр.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі