Беларускае медыйнае поле неабходна пашыраць нацыянальным кантэнтам. Такое меркаванне ў час рэспубліканскага семінара аб рабоце СМІ выказала міністр інфармацыі Лілія Ананіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы жывём у даволі канкурэнтным асяроддзі: спажыўцам даступны тысячы і сотні перыядычных выданняў і тэлеканалаў: як беларускіх, так і замежных. Менавіта таму нашым медыя неабходна павялічваць колькасць нацыянальнага кантэнту", - адзначыла Лілія Ананіч. Яна падкрэсліла, што ўжо сёння работа будуецца ў фармаце канвергенцыі сродкаў масавай інфармацыі.
"Проста тэлекарцінка, проста інтэрнэт-рэсурс або адна друкаваная версія газеты не актуальны для спажыўца. Для таго каб заставацца канкурэнтаздольным, дамінаваць на інфармацыйным полі краіны, трэба гэтак жа, як і ў любой іншай галіне, развівацца дынамічна і актыўна", - адзначыла Лілія Ананіч. Паводле яе слоў, тым жа тэлеканалам, якія больш за 60 працэнтаў насельніцтва краіны лічыць асноўнай крыніцай інфармацыі, неабходна замахнуцца на сур'ёзныя праекты: размова аб стварэнні беларускіх серыялаў і тэлефільмаў.
"Трэба ўдзяліць увагу слаўнай беларускай гісторыі, гаварыць аб сацыяльных дасягненнях дзяржавы, даносіць кожнаму думку, што толькі мы самі адказныя за сябе, сваю сям'ю і краіну", - адзначыла ролю СМІ Лілія Ананіч. Гаворачы аб інфармацыйным складніку, яна падкрэсліла, што журналісты павінны глядзець на ўсе працэсы, што адбываюцца ў краіне, усебакова і глыбока. "Добрыя навіны заўсёды запатрабаваны. Прычым добрыя навіны - гэта не прылізаныя і прычасаныя, а, перш за ўсё, якасныя матэрыялы. Прэса павінна бачыць усё і дапамагаць вырашаць задачы, якія стаяць перад краінай", - адзначыла яна.
У Гродне 5 жніўня праходзіць рэспубліканскі семінар "Аб рабоце сродкаў масавай інфармацыі па рэалізацыі задач дзяржаўнай палітыкі". Удзел у ім прымаюць кіраўнікі і прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. У час семінара Лілія Ананіч азнаёмілася з работай студэнцкага медыяцэнтра ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, а таксама прыняла ўдзел у запуску вяшчання ў НD-фармаце на гродзенскім гарадскім тэлеканале "Гродна Плюс".
