БРСМ развівае новыя віды студэнцкіх атрадаў. Аб гэтым 7 ліпеня паведаміў журналістам першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА "БРСМ" Андрэй Белякоў пасля ўрачыстага адкрыцця трэцяга працоўнага семестра на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Студатрадаўскі рух сёння не трэба навязваць, ён запатрабаваны моладдзю. Маладыя людзі гатовы працаваць па самых розных напрамках, што прымушае нас шукаць і прапаноўваць ім новыя магчымасці", - сказаў Андрэй Белякоў. Так, акрамя прывычных будаўнічых, педагагічных, сэрвісных, экалагічных і іншых атрадаў, у бягучым годзе БРСМ актыўна развівае тры новыя віды - медыцынскія, навукова-вытворчыя і IT-атрады. Іх з'яўленне абумоўлена патрабаваннямі часу - няхваткай персаналу і жаданнем спецыялізацыі маладых людзей, стасункаў па інтарэсах.
Што датычыцца будаўнічых атрадаў і менавіта атрадаў, якія атрымалі права працаваць на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі на Беларускай АЭС, то жадаючых заўсёды шмат. "У бягучым годзе на АЭС будуць працаваць 400 нашых байцоў, тады як у мінулым годзе працавалі 210 чалавек. Але калі б аб'явілі аб наборы тысячы і больш - жадаючыя знайшліся б адразу", - растлумачыў Андрэй Белякоў.
Акрамя таго, у планах БРСМ больш актыўна працаваць па развіцці міжнароднай работы. Так, цяпер валанцёрскі атрад працуе ў Мілане ў беларускім павільёне на выстаўцы "ЭКСПА-2015". Беларускія валанцёры выязджалі для пошукавай работы ў Польшчы, цяпер прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні зводнага атрада. Чакаецца, што ў будучым маладыя людзі змогуць выязджаць у Польшчу для работы ў складзе студэнцкага атрада таксама ў сферы сельскай гаспадаркі.
Усяго ў бягучым годзе ў студэнцкіх атрадах Беларусі будуць працаваць амаль 70 тыс. чалавек.
"Студатрадаўскі рух дапамагае не толькі будаваць аб'екты, выхоўваць дзяцей у лагерах, займацца сэрвісам, атрымліваць вопыт работы праваднікоў. Ён дапамагае жыць, паколькі фарміруе адказнасць, прыстойнасць. БРСМ заўсёды адным з прыярытэтных напрамкаў у сваёй дзейнасці бачыў студатрадаўскі рух", - дадаў Андрэй Белякоў.
Сёння трэці працоўны семестр на Усебеларускай будоўлі на аб'ектах будаўніцтва Беларускай АЭС пачаўся для 400 студэнтаў з Беларусі і Расіі. З гэтай нагоды адбылося ўрачыстае мерапрыемства, у час якога будатрадаўцам уручылі працоўныя пуцёўкі, зводнаму беларуска-расійскаму атраду прысвоілі імя двойчы Героя Савецкага Саюза маршала М.І.Крылова, а таксама заклалі алею Гонару студэнцкіх будаўнічых атрадаў. На ёй будзе штогод пакідаць свой след будаўнічы атрад, прызнаны лепшым па выніках працоўнага семестра. На заканчэнне мерапрыемства адбыліся першыя дэбаты ў рамках маладзёжнага праекта "Адкрытыя дэбаты "ВЫБІРАЙ.BY!", на якіх маладыя людзі абмеркавалі праблемы і перспектывы студатрадаўскага руху.
