Сцяг Чацвер, 9 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 лютага 2021, 13:37

Колькасць невыкарыстоўваемых аб'ектаў дзяржуласнасці ў Беларусі зніжаецца - Матусевіч

19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць невыкарыстоўваемых аб'ектаў дзяржуласнасці ў Беларусі зніжаецца. Аб гэтым расказаў сёння старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Дзмітрый Матусевіч на падагульняючай калегіі ведамства, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"У 2020 годзе праводзіліся мерапрыемствы, накіраваныя на ўдасканаленне кіравання і распараджэння маёмасцю, яе ўліку, а таксама скарачэнне колькасці невыкарыстоўваемых аб'ектаў, што знаходзяцца як ва ўласнасці дзяржавы, так і ва ўласнасці гаспадарчых таварыстваў з доляй дзяржавы", - сказаў Дзмітрый Матусевіч.

У дзяржуласнасці на сёння знаходзяцца будынкі, збудаванні, ізаляваныя памяшканні агульнай плошчай 120,9 млн кв.м. У 2020 годзе работа, накіраваная на скарачэнне колькасці невыкарыстоўваемай маёмасці, праводзілася адносна 2059 аб'ектаў дзяржаўнай уласнасці.

"Найбольшая колькасць аб'ектаў набыта на аўкцыёнах з пачатковай цаной, роўнай адной базавай велічыні. Так, у 2020 годзе на такіх аўкцыёнах рэалізавана 219 аб'ектаў (39,4 працэнта ад агульнай колькасці прададзеных аб'ектаў), - адзначыў старшыня камітэта. - У цэлым па годзе палепшаны паказчыкі па колькасці прададзеных аб'ектаў - 43,2 працэнта (у 2019 годзе - 39,6 працэнта), па зносе - 98 працэнтаў (у 2019 годзе - 94,9 працэнта)".

З 21 лютага 2020 года ў Беларусі функцыянуе абноўленая версія адзінай інфармацыйнай базы невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці, у тым ліку зямельных участкаў, прапанаваных для продажу і здачы ў арэнду. У ёй размешчана інфармацыя пра больш як 6 тыс. аб'ектаў дзяржмаёмасці, у тым ліку аб зямельных участках, прапанаваных да продажу і здачы ў арэнду.

Прадоўжана работа па скарачэнні колькасці невыкарыстоўваемых аб'ектаў, якія знаходзяцца ва ўласнасці гаспадарчых таварыстваў. Згодна з ведамаснай справаздачнасцю, у мінулым годзе неабходна было ўключыць у абарот і знесці больш як 1469 такіх аб'ектаў. План выкананы на 49,6 працэнта (728 аб'ектаў), што на 6,6 працэнта вышэй за ўзровень 2019 года.

Добрасумленным арандатарам прададзена 129 аб'ектаў. Адмоўлена ў выкупе 19 аб'ектаў - з-за нядобрасумленнасці арандатараў, немагчымасці адчужэння арандуемых аб'ектаў, а таксама неабходнасці выкарыстання здадзеных у арэнду аб'ектаў арэндадаўцамі ва ўласных мэтах. Адносна 16 аб'ектаў арандатары адмовіліся ад іх набыцця ў сувязі з недастатковасцю ўласных сродкаў. Яшчэ па 16 аб'ектах дагаворы куплі-продажу знаходзяцца ў працэсе ўзгаднення. На гэты час праводзіцца рыначная ацэнка 48 аб'ектаў, якія плануюцца да продажу.

Дзмітрый Матусевіч адзначыў, што па прапановах органаў дзяржаўнага кіравання і бізнесу пачалася работа па ўдасканаленні прававых адносін у сферы арэнды і бязвыплатнага карыстання маёмасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі