Сцяг Пятніца, 10 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
16 ліпеня 2012, 16:47

Праблем з працаўладкаваннем у Беларусі няма

Праблем з працаўладкаваннем у Беларусі няма. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна.

"Большасць суіскальнікаў працоўнага месца глядзяць на памеры аплаты працы, гэта натуральна. Але ж трэба ўлічваць, што наймальнікі сёння плацяць за кваліфікацыю, і толькі сапраўдныя прафесіяналы атрымліваюць дастойную плату за сваю працу, - сказала міністр. - Таму найважнейшая задача - даць людзям магчымасць павышэння канкурэнтаздольнасці на рынку працы". Такія ўмовы ў краіне практычна створаны, у тым ліку прадугледжана значнае фінансаванне для арганізацыі прафнавучання. Служба занятасці забяспечвае магчымасць для атрымання больш як 110 прафесій, запатрабаваных на рынку працы. Толькі за першае паўгоддзе бягучага года звыш 8 тыс. чалавек атрымалі новую спецыяльнасць або павысілі сваю кваліфікацыю.

Дарэчы, на 1 ліпеня наймальнікамі толькі ў службу занятасці заяўлена 66,6 тыс. вакансій (на 1 ліпеня мінулага года іх налічвалася 63,1 тыс.). Прычым аплата працы ў залежнасці ад кваліфікацыі работніка прапануецца аж да Br12 млн.

"Хачу адзначыць, што ў службу занятасці наймальнікі абавязаныя прадастаўляць звесткі аб свабодных працоўных месцах у выпадку, калі вакансія не запоўнена на працягу 2 тыдняў. Таму на самай справе свабодных працоўных месц значна больш. Паглядзіце Інтэрнэт, газеты, аб'явы ў транспарце - усюды "Патрабуюцца ...", - сказала Мар'яна Шчоткіна. Практыка паказвае, што асаблівых праблем з працаўладкаваннем сёння ў краіне няма, падкрэсліла міністр.

Паводле яе слоў, удасканальваецца і арганізацыя апераджальнага навучання работнікаў, якія знаходзяцца пад рызыкай звальнення. "Паколькі на шэрагу прадпрыемстваў існуе неабходнасць аптымізацыі колькасці работнікаў, а таксама ў мэтах аператыўнага пераразмеркавання працоўных рэсурсаў у іншыя галіны, у закон аб занятасці ўнесены новыя нормы, стымулюючыя наймальнікаў да арганізацыі такога навучання", - адзначыла міністр. Законам прадугледжана і дыферэнцыяванае павелічэнне памераў стыпендыі ў перыяд прафесiйнага навучання.

"Што датычыцца дапамогі па беспрацоўю, то павышэнне яе памеру немэтазгодна ва ўмовах значнага перавышэння попыту над прапанаваннем рабочай сілы. Чалавек павінен працаваць, а не жыць на дапамогу", - лічыць Мар'яна Шчоткіна. Безумоўна, у выпадку страты работы грамадзяне павінны мець матэрыяльную падтрымку на перыяд яе пошуку - яна можа быць аказана і ў выглядзе дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, што прадугледжана заканадаўствам.

Прыярытэтнымі ў нашай краіне з'яўляюцца актыўныя меры садзейнічання занятасці. Перш за ўсё гэта прафнавучанне, дапамога ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, садзейнічанне ў перасяленні на новае месца жыхарства і работы з прадастаўленнем фінансавай падтрымкі. Для грамадзян, не здольных на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, прадугледжаны дадатковыя гарантыі занятасці ў выглядзе браніравання рабочых месц, адаптацыі да працоўнай дзейнасці, працаўладкавання на субсідзіраваныя працоўныя месцы і г.д.

Да распрацоўкі палітыкі занятасці прыцягваюцца навуковыя ўстановы - аналізам фактараў, якія ўплываюць на сацыяльна-працоўную сферу, займаюцца супрацоўнікі НДІ працы, НДІ эканомікі, БДУ, БДЭУ.

Узровень рэгіструемага беспрацоўя ў краіне ў апошнія гады знаходзіцца ў межах 1 працэнта да эканамічна актыўнага насельніцтва, што з'яўляецца вынікам і работы эканомікі, і рэалізацыі мер эфектыўнай палітыкі занятасці. На 1 ліпеня 2012 зарэгістраванае беспрацоўе складае 0,6 працэнта (год таму - 0,7 працэнта), на ўліку 27,9 тыс. беспрацоўных. Усяго за першае паўгоддзе бягучага года ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне былі зарэгістраваны 92,9 тыс. беспрацоўных (97 працэнтаў да першага паўгоддзя 2011 года).

Узровень беспрацоўя ў Беларусі разлічваецца ў адпаведнасці з заканадаўствам зыходзячы з колькасці зарэгістраваных у службе занятасці беспрацоўных. Многія краіны для разліку ўзроўню беспрацоўя ўжываюць методыку Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), па якой колькасць беспрацоўных вызначаецца на падставе выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак па пытаннях занятасці па выніках апытання. А ў некаторых краінах выкарыстоўваецца два спосабы разліку паказчыка (напрыклад, у Расійскай Федэрацыі і Украіне). Так, рэгіструемы ўзровень беспрацоўя на канец красавіка бягучага года склаў 1,7 працэнта і ў РФ, і ва Украіне, а ўзровень беспрацоўя па методыцы МАП - 5,8 працэнта і 9,1 працэнта адпаведна.

У бягучым годзе і ў нашай краіне праводзіцца такое абследаванне дамашніх
гаспадарак, у выніку якога будзе атрымана дадатковая інфармацыя аб стане і дынаміцы змяненняў на рынку працы. Атрыманыя па выніках 2012 года даныя таксама будуць выкарыстоўвацца для выпрацоўкі канкрэтных мер па забеспячэнню занятасці непрацуючых грамадзян, ўключэнню іх у эканамічную дзейнасць, у тым ліку і праз рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва.

Дарэчы, Беларусь - адна з нямногіх краін СНД, дзе статыстычнае ведамства штогод ажыццяўляе разлік балансу працоўных рэсурсаў краіны. У мінулым годзе колькасць працоўных рэсурсаў склала 6031,4 тыс. чалавек. Узровень занятасці насельніцтва дасягнуў 77,2 працэнта супраць 76,8 працэнта ў 2010 годзе. Гэта даволі высокі паказчык.

"Сёння дзяржавай прадастаўлены ўсе магчымасці для грамадзян, якія жадаюць і гатовы пачаць працаваць. Выбар - за чалавекам", - рэзюмавала міністр.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі