Сцяг Пятніца, 10 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
23 лютага 2024, 15:18

Узнагароду атрымае кожны. Турнір "Спешыял Алімпікс" па водных відах спорту праходзіць у Мінску

23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі турнір "Спешыял Алімпікс" па водных відах спорту праходзіць сёння ў Мінску. У спаборніцтвах прымаюць удзел спартсмены са спецыяльных дамоў-інтэрнатаў і школ-інтэрнатаў для асоб з асаблівасцямі развіцця. Турнір праходзіць пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як расказала выканаўчы дырэктар Беларускага камітэта "Спешыял Алімпікс" Ларыса Таболіна, у спаборніцтвах удзельнічаюць 12 каманд з розных куткоў Беларусі. Усяго стартавыя пратаколы налічваюць некалькі дзясяткаў прозвішчаў - як хлопцаў, так і дзяўчат.

"Вельмі важна, што старты накіраваны не толькі на развіццё і ўдасканаленне спаборніцкіх, спартыўных магчымасцей, але і на паляпшэнне іх якасці жыцця. Таму што плаванне само па сабе мае вялікі эмацыянальны зарад і зберагальны эфект для здароўя ўдзельніка. Важна і тое, што судзейскі корпус прадстаўлены на самым высокім узроўні. Вялікі дзякуй валанцёрам, усім тым, хто дапамагае з арганізацыяй і правядзеннем мерапрыемства", - адзначыла прадстаўнік камітэта.

Спаборніцтвы праходзяць ужо дзявяты год на базе сталічнага спартыўнага комплексу "Трактар". Спартсмены спаборнічаюць у чатырох дысцыплінах: 25 і 50 метраў вольным стылем, 25 метраў на спіне, а таксама ў змешанай эстафеце.

"Нашы ўдзельнікі рыхтуюцца да стартаў загадзя. Яны трэніруюцца ў басейнах на базе сваіх устаноў альбо ў іншых бліжэйшых комплексах. Спартсмены адточваюць навыкі на працягу года. З-за пэўных асаблівасцей ім неабходна пастаянна займацца, падтрымліваць баявы дух і загартоўку. Яны да гэтага ішлі даўно. Напэўна, пачынаючы яшчэ з навагодніх свят, яны актыўна цікавіліся датай стартаў", - расказала Ларыса Таболіна.

У гэтым годзе правядзенне спаборніцтваў супала з Днём абаронцаў Айчыны. "Таму ў нас сёння двайное свята. З задавальненнем павіншавалі нашых удзельнікаў і трэнераў", - дадала Ларыса Таболіна.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў атрымаюць медалі. Тых, хто заняў чацвёртае і ніжэйшае месца, адзначаць спецыяльнай узнагароднай стужкай. Усе ўдзельнікі стартаў стануць уладальнікамі памятных і каштоўных прызоў. "Галоўны прынцып спаборніцтваў пад эгідай "Спешыял Алімпікс" заключаецца ў тым, каб быў узнагароджаны кожны ўдзельнік. Таксама дзеці атрымаюць дыпломы, у якіх пазначана занятае месца і затрачаны на пераадоленне дыстанцыі час. Безумоўна, не абыдзецца без падарункаў. Кожны ўдзельнік, трэнер і валанцёр атрымае прызы ад нашага камітэта і Прэзідэнцкага спартыўнага клуба", - адзначыла прадстаўнік камітэта.

Дарэчы, гэта далёка не адзіны турнір пад эгідай "Спешыял Алімпікс", запланаваны да правядзення ў 2024 годзе. "Вясной стартуе традыцыйны рэспубліканскі турнір па футболе. Запланаваны і іншыя старты", - рэзюмавала Ларыса Таболіна.-0-

Фота Раміля Насібуліна
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі