Сцяг Пятніца, 22 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 чэрвеня 2018, 13:14

У гімназіях Беларусі дазволілі праводзіць вучэбныя заняткі ў другую змену

13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У гімназіях Беларусі дазволілі праводзіць вучэбныя заняткі ў другую змену, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.

Змяненні ў санітарныя нормы і правілы "Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі" ўнесены пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 3 мая 2018 года нумар 39. У адпаведнасці з дакументам, здымаецца забарона на правядзенне ўрокаў у другую змену ў гімназіях, гімназіях-інтэрнатах, ліцэях, спецыялізаваных ліцэях, сувораўскіх вучылішчах, кадэцкіх вучылішчах, базавых школах - каледжах мастацтваў, сярэдніх школах - каледжах мастацтваў, гімназіях - каледжах мастацтваў, пры навучанні і выхаванні на ступенях агульнай сярэдняй адукацыі.

У першую змену будуць праводзіцца заняткі ў 1, 2, 5, 9-11-х класах, а таксама ў 8-х класах, у якіх асобныя вучэбныя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні.

Урокі могуць праходзіць у другую змену для 6-7-х класаў, у якіх арганізавана вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні. Аднак гэта неабходна штогод да пачатку навучальнага года ўзгадняць з упраўленнямі (галоўнымі ўпраўленнямі) адукацыі аблвыканкамаў, камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, абласнымі цэнтрамі гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Мінскім гарадскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Пры гэтым важная ўмова - забеспячэнне аптымальнага рэжыму навучання.

Для навучэнцаў 5-8-х класаў, у якіх асобныя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні, максімальную дапушчальную тыднёвую вучэбную нагрузку можна павялічваць на 1 гадзіну для правядзення факультатыўных заняткаў. Раней гэта дапускалася толькі для навучэнцаў 5-8-х класаў гімназій, гімназій-інтэрнатаў, гімназій-каледжаў мастацтваў, сувораўскіх вучылішчаў.

У санітарных нормах і правілах пазначана, што вучэбныя заняткі ва ўстановах адукацыі павінны пачынацца не раней за 8.00 у першую змену, не пазней за 14.00 - у другую змену. Пры гэтым заняткі ў другую змену павінны заканчвацца не пазней за 19.30. Аптымальнай з'яўляецца арганізацыя адукацыйнага працэсу з 9.00 (у першую змену).

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі