Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 красавіка 2017, 17:27

Прадстаўнікі МУС і Мінпрацы ўпершыню будуць дзяжурыць на гарачай лініі для ахвяр дамашняга насілля

17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі міністэрстваў унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны ўпершыню прымуць удзел у рабоце агульнанацыянальнай гарачай лініі для пацярпелых ад дамашняга насілля 8-801-100-8-801. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб'яднання "Гендарныя перспектывы" Ірына Альхоўка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прадстаўнікі двух ведамстваў будуць адказваць на пытанні абанентаў прамой лініі 20 красавіка з 9.00 да 13.00 (для абанентаў сеткі стацыянарнай тэлефоннай сувязі званок бясплатны), адначасова будуць дзяжурыць на лініі кансультанты грамадскага аб'яднання. Гэта мерапрыемства пройдзе ў рамках рэспубліканскай акцыі "Дом без насілля", якая стартавала сёння ў Беларусі.

Ірына Альхоўка выказала надзею, што сумесныя гарачыя лініі стануць традыцыйнымі.

Яна таксама расказала аб выніках апытання сярод жанчын, якія пацярпелі ад дамашняга насілля, - у ім прынялі ўдзел 52 кліенткі, якія звярнуліся па дапамогу на гарачую лінію 8-801-100-8-801, з іх 11 жанчын пражывалі ў часовым прытулку арганізацыі.

Як паказала апытанне, у 13 працэнтах выпадкаў партнёр пачынаў прымяняць агрэсію яшчэ на пачатковай стадыі рамантычных адносін, а ў 37 працэнтах выпадкаў факты насілля адзначаліся ў першы год шлюбу. Ірына Альхоўка назвала шакіруючымі атрыманыя ў час апытання даныя аб тым, што амаль кожная другая жанчына, якая церпіць ад насілля з боку інтымнага партнёра, зведвала псіхалагічныя атакі ў перыяд цяжарнасці. Кожную дзясятую жанчыну партнёр прымушаў да палавых кантактаў, нягледзячы на медыцынскія проціпаказанні ўступлення цяжарнай у інтымную сувязь.

Згодна з рэзультатамі апытання, у 35 працэнтах выпадкаў ахвяры рабілі адну-дзве спробы разарваць адносіны, у 52 працэнтах - спрабавалі пайсці тры-пяць і больш разоў. Толькі 14 працэнтаў жанчын ніколі не спрабавалі пакінуць агрэсара. Аналіз атрыманых даных у многім пацвярджае сусветную статыстыку: жанчына робіць у сярэднім пяць спроб пакінуць агрэсара, перш чым канчаткова парваць з ім, падкрэсліла Ірына Альхоўка. Сярод прычын, па якіх жанчыны вярталіся да агрэсара, - эканамічная і псіхалагічная залежнасць.

Агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад дамашняга насілля 8-801-100-8-801 была адкрыта 13 жніўня 2012 года на базе МГА "Гендарныя перспектывы". Цяпер работа гарачай лініі падтрымліваецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Умацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў сферы процідзеяння гендарнаму насіллю (з акцэнтам на насілле ў сям'і) у Рэспубліцы Беларусь" у партнёрстве з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), МУС і Мінпрацы і сацабароны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі