1 чэрвеня, Астравецкі раён /Кар. БЕЛТА/. Гвардзейскі 1146-ы зенітны ракетны полк заступіць на баявое дзяжурства ў канцы лета. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння палком быў атрыманы баявы сцяг. Міністр абароны Андрэй Раўкоў уручыў яго камандзіру палка Дзянісу Зыку. "Полк чатырохбатарэйнага складу і на паўночна-заходнім напрамку выконвае задачы прыкрыцця паветранай прасторы Беларусі. Будзе несці баявое дзяжурства з канца лета, - сказаў міністр. - У рамках работы ў агульнай сістэме ППА краіны будзе ажыццяўляць фізічнае прыкрыццё ўводзімай у наступным годзе атамнай электрастанцыі".
Таксама з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Уладзіміра Сямашкі і міністра абароны Андрэя Раўкова прайшло адкрыццё новага ваеннага гарадка. З лютага 2016 года было пабудавана 26 тыс. кв.м будынкаў. Вучэбныя класы абсталяваны сучаснай тэхнікай, макетамі і ўзорамі ўзбраення. Поўнасцю аснашчаны казармы, ёсць прасторная спартыўная зала.
"Сёння адкрыты новы гарадок, пабудаваны на новым месцы, з усёй інфраструктурай, з усімі патрэбнымі элементамі. Для асабовага складу гэта знакавая падзея, таму што ў такіх умовах нават, напэўна, некаторыя байцы і дома не жылі", - адзначыў міністр.
Як паведамлялася, гвардзейскі 1146-ы зенітны ракетны полк быў адроджаны ў Беларусі ў канцы мінулага года. Ён быў узброены зенітным ракетным комплексам ППА "Тор-М2", здольным змагацца з балістычнымі паветранымі цэлямі і крылатымі ракетамі на розных вышынях.-0-