16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У пастанову Савета Міністраў нумар 1426 ад 25 кастрычніка 2011 года "Аб некаторых пытаннях абыходжання з аб'ектамі расліннага свету" ўнесены змяненні. Адпаведнае рашэнне ўрада замацавана пастановай нумар 1020 ад 14 снежня, апублікаванай сёння на сайце ўрада, паведамляе БЕЛТА.
Як растлумачыў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Кузьміч, пастанова нумар 1020 прыводзіць шэраг палажэнняў, што датычацца абыходжання з аб'ектамі расліннага свету, у адпаведнасць з прынятым 18 ліпеня 2016 года законам, які ўносіць змяненні ў закон "Аб раслінным свеце". І закон, і пастанова ўступаюць у сілу з 31 снежня.
"Адным з асноўных новаўвядзенняў з'яўляецца тое, што цяпер для высечкі дрэў, якія прызнаны небяспечнымі, не будзе патрабавацца атрыманне дазволаў выканкамаў. Дазвол выдаецца на працягу месяца, а такія дрэвы трэба ўбіраць хутка. Цяпер гэты парадак спрашчаецца", - падкрэсліў Андрэй Кузьміч.
У законе выразна прапісана, якія дрэвы могуць быць прызнаны небяспечнымі. "Каб ліквідаваць такое дрэва, замлекарыстальнік, у якога яно расце, павінен запрасіць упаўнаважаную выканкамам арганізацыю ў галіне азелянення, якая выдае адпаведнае заключэнне. Для гэтага прадстаўнік арганізацыі фатаграфуе дрэва, апісвае прыкметы, у адпаведнасці з якімі яно прызнана небяспечным (яны таксама прапісаны ў законе), і на падставе гэтага дакумента можна праводзіць высечку дрэва", - растлумачыў Андрэй Кузьміч.
Яшчэ адным важным змяненнем стане распаўсюджванне дзеяння закона на ліквідаванне аб'ектаў расліннага свету (дрэў, кустоў, газонаў) не толькі ў населеных пунктах, але і за іх межамі (акрамя ляснога фонду). "Да 31 снежня тыя дрэвы і кусты, якія знаходзяцца за межамі населеных пунктаў, высякаюцца ў адпаведнасці з Лясным кодэксам", - звярнуў увагу спецыяліст. Акрамя таго, паводле новых правіл, калі дрэва перасаджваецца, то назначаецца кампенсацыя - за гэта кампенсацыя не прадугледжана.
Намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды канстатаваў, што прыняцце змяненняў і дапаўненняў у закон "Аб раслінным свеце", такіх як дадатковае рэгуляванне пытанняў, звязаных з захаваннем азялененых тэрыторый населеных пунктаў, прыдарожных насаджэнняў - крок наперад ва ўдасканаленні заканадаўства аб раслінным свеце.-0-