Сцяг Пятніца, 17 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 красавіка 2024, 09:11

Белгідрамет: на рэках у бліжэйшыя дні захаваюцца ваганні ўзроўняў вады

Фота з архіва
Фота з архіва
30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У бліжэйшыя дні ваганні ўзроўняў вады на рэках Беларусі захаваюцца. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"На Дняпры каля Жлобіна ўзровень вады перавысіў небяспечную высокую адзнаку. Рост узроўняў вады з інтэнсіўнасцю да 23 см за суткі назіраецца на Бярэзіне, Сожы, Дняпры на ўчастку Жлобін - Лоеў, Прыпяці на ўчастку Мазыр - Нароўля, Нёмане на ўчастку Масты - Гродна і каля Стоўбцаў. На астатняй працягласці названых рэк, а таксама на Заходняй Дзвіне і Віліі адзначаецца спад узроўняў вады з сутачнай інтэнсіўнасцю 1-24 см. Вада знаходзіцца на пойме на большасці рэк басейнаў Дняпра, Сожа і Прыпяці, а таксама на асобных участках рэк басейнаў Нёмана, Віліі і Бярэзіны", - расказалі ў Белгідрамеце.

На Дняпры каля Жлобіна, прытоку Сожа рацэ Проня каля вёскі Ляцягі, Прыпяці каля Петрыкава і яе прытоку рацэ Пціч каля вёскі Першая Слабодка ўзроўні вады перавышаюць небяспечныя высокія адзнакі. Узроўні вады блізкія да небяспечных высокіх адзнак на прытоку Дняпра рацэ Друць каля вёскі Гарадзішча, Прыпяці каля вёскі Чэрнічы, яе прытоках рэках Случ каля аграгарадка Ленін і Цна каля вёскі Дзятлавічы.

Паводле даных МНС, адзначаюцца затапленні прыбярэжных тэрыторый у шэрагу раёнаў Гомельскай вобласці, а таксама ў асобных раёнах Брэсцкай і Магілёўскай абласцей. Тэмпература вады ў рэках павысілася і складае ад плюс 7,2 да плюс 15 градусаў, а ў вадаёмах - ад плюс 9 да плюс 14 градусаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі