27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская вышыванка стане мастацкай дамінантай мерапрыемстваў да Дня Незалежнасці, паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Мар'яна Нікалаева, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Агульнай мастацкай дамінантай, якая аб'ядноўвае культурныя мерапрыемствы з 1 па 3 ліпеня, стане тэма вышыванкі, што з'яўляецца своеасаблівай візітнай карткай беларусаў і своеасаблівым сімвалам-абярэгам нацыі", - сказала Мар'яна Нікалаева. Гэта, у прыватнасці, знойдзе адлюстраванне ў рэкламнай і друкаванай прадукцыі.
У 2016 годзе будзе закладзена новая традыцыя - правядзенне напярэдадні Дня Незалежнасці маладзёжнага свята "Дзень вышыванкі". Асноўныя мерапрыемствы гэтага дня пройдуць 2 ліпеня з 12.00 да 23.00 на пляцоўцы каля Палаца спорту.
У Палацы Рэспублікі 1 ліпеня ў 18.00 запланавана правядзенне святочнага канцэрта для ўдзельнікаў урачыстага сходу. Канцэпцыя мерапрыемства прысвечана Году культуры. Лейтматывам свята стане тэзіс "Культура - гэта фундамент, на якім развіваецца нацыя". Адкрыецца мерапрыемства інтэрактыўнай выстаўкай "Скарбніца Беларусі", на якой усе рэгіёны прадставяць унікальныя вырабы народнай творчасці, а таксама прадэманструюць майстар-класы. Пасля гэтага пройдзе тэатралізаваная канцэртная праграма майстроў мастацтваў "Беларусь - імя святое".
Адным з важнейшых мерапрыемстваў Дня Незалежнасці стане правядзенне 3 ліпеня парада войскаў Мінскага гарнізона. У 2016 годзе крыху зменены фармат гэтага мерапрыемства: замест спартыўна-маладзёжнага шэсця парад будзе завершаны масавым нумарам з удзелам вакальна-харавых, харэаграфічных, эстрадных калектываў і выканаўцаў. Прагучыць прэм'ера песні, спецыяльна напісанай да гэтага мерапрыемства.
У гэты ж дзень у 21.00 на пляцоўцы каля стэлы "Мінск - горад-герой" запланавана правядзенне гала-канцэрта рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі "Беларусь - я люблю цябе". У ім прымуць удзел папулярныя маладыя выканаўцы, пераможцы і фіналісты тэлепраектаў, міжнародных фестываляў і конкурсаў, а таксама прафесійныя калектывы рэспублікі. Кульмінацыяй стане акцыя "Спяём гімн разам", якая пачнецца ў 22.50. Завершыцца канцэрт святочным салютам у 23.00.
Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці таксама пройдуць ва ўсіх абласцях. Святочны салют у 23.00 запланаваны ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Брэсце.-0-