30 красавіка, Касцюковічы /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку ў Касцюковічах спыталі яго меркаванне аб сучасных выпускных у школах, якія ўсё больш ператвараюцца ў шоу на лімузінах і з наведваннем забаўляльных устаноў. Адпаведнае пытанне задала адна з жыхарак горада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Да таго, аб чым вы сказалі, стаўлюся вельмі негатыўна, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта павінна быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, - кампаніяй, калектывам. Патанцуюць і сустрэнуць світанне. Гэта вельмі важна".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нельга дапускаць расслаення і дзяржава робіць усё, каб стварыць усім дзецям для вучобы ў школе роўныя ўмовы і магчымасці. "Гэтага трэба прытрымлівацца, і нельга пасля заканчэння агульнаадукацыйнай сярэдняй школы рабіць тое, што вы кажаце. Нейкі там "круцяк" табе дапамог ці ты багацейшы - ты лімузін заказаў, прыехала тваё дзіця ў школу. А як іншыя глядзяць? А як бацькі глядзяць? Гэта няправільна, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Я публічна гавару: нам нельга гэта культываваць, нельга нам гэта падтрымліваць. Гэта дрэнна".
Што датычыцца правядзення выпускных, Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць гэта пытанне на строгі кантроль: "Члены ўрада тут, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Вазьміце гэта строга на кантроль".
"Не трэба. Душа павінна быць. Мы - душэўныя людзі. Школа, калектыў, бацькі - яны павінны збірацца, вызначыцца. Прыгожа (каб было. - Заўвага БЕЛТА). Лепш з бацькамі - хаця б першая частка. Потым бацькоў ужо дадому адправяць. У сярэдзіне гэтай урачыстай часткі (выпускнікі. - Заўвага БЕЛТА) пабудуць самі. І сустрэнуць світанне", - дадаў кіраўнік дзяржавы.-0-