Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
06 лютага 2017, 12:30

Лукашэнка патрабуе прадаўжэння дэбюракратызацыі і павышэння выканальніцкай дысцыпліны

6 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе прадаўжэння дэбюракратызацыі і павышэння выканальніцкай дысцыпліны. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе аб аптымізацыі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Неабходны строгі кантроль за працэсам дэбюракратызацыі і імгненнае рэагаванне на змяненні сітуацыі ў палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай і іншых сферах. Ніводная праблема, якая хвалюе нашых грамадзян, не павінна застацца без вашай увагі, - сказаў беларускі лідар. - Ніякай цяганіны, ніякага скідвання, як гэта было ў савецкія часы і існуе часта сёння, скаргаў і заяў на імя Прэзідэнта, Адміністрацыі Прэзідэнта ўніз".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў недапушчальнасць сітуацыі, калі скаргі ў выніку вяртаюцца ў тыя інстанцыі, на якія і скардзіліся людзі. "Я буду лічыць гэта як мінімум махровым бюракратызмам", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што неабходна ўвесці ў практыку рэгулярны кантроль якасці работы адпаведнага падраздзялення па рабоце са зваротамі грамадзян у Адміністрацыі Прэзідэнта.

Прэзідэнт таксама лічыць неабходным павысіць ролю памочнікаў Прэзідэнта ў каардынацыі работы з рэгіёнамі і з усімі галінамі ўлады. "Яны ў поўнай меры адказваюць перад кіраўніком дзяржавы за сацыяльна-палітычную абстаноўку на месцах. А таксама абавязаны адсочваць сітуацыю ў кожным пункце Беларусі і даводзіць яе да ведама кіраўніцтва краіны, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Я прызнаю, што мае памочнікі, яны ж інспектары па кадрах у рэгіёнах, былі крыху адарваныя ад Прэзідэнта. Усё застаецца па-ранейшаму: каардынацыя, напрамкі работы памочнікаў (дзе патрэбна, і кіраўніцтва, умяшанне ў іх дзейнасць) застаецца за кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта. Але ўзнікае новая лінія супрацоўніцтва памочнікаў з Прэзідэнтам праз памочніка пры Прэзідэнце, на пасадзе якога цяпер знаходзіцца Мікалай Корбут. Яму даручана збіраць неабходную інфармацыю ад памочнікаў Прэзідэнта, калі трэба сустракацца і дакладваць Прэзідэнту важнейшыя пытанні. Прытым трэба адкрыць прамы доступ памочнікаў - інспектараў па абласцях да Прэзідэнта пры неабходнасці".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівую ўвагу трэба будзе ўдзяляць выканальніцкай дысцыпліне. "Задачы неабходна выконваць хутка, якасна, без цяганіны і лішніх папер, патрабуючы таго ж ад усёй вертыкалі ўлады. Калі мы ідзём на аптымізацыю і прадугледжваем вельмі сур'ёзнае скарачэнне, - узамен - самая строгая выканальніцкая дысцыпліна. Прынята рашэнне Прэзідэнтам або ў сферы вашых паўнамоцтваў - яно павінна няўхільна выконвацца. Толькі так мы можам захаваць кіруемасць у дзяржаве", - заявіў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі