23 мая, Ватыкан /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Папе Рымскаму пара прыехаць у Беларусь і сустрэцца з Патрыярхам Рускай праваслаўнай царквы на беларускай зямлі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля праведзенай у Ватыкане сустрэчы з пантыфікам Францыскам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я выказаў думку, што пантыфіку пара прыехаць у Беларусь і разам з нашым Патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі. Упэўнены, што там будзе не адзін мільён чалавек, якія хацелі б бачыць гэта рукапацісканне не ў далёкай Кубе ў аэрапорце, а на зямлі, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і якую, дзякуй Богу, не закранулі тыя катаклізмы (і пантыфік гэта таксама падкрэсліў), якія адбыліся ў постсавецкіх рэспубліках і краінах Усходняй Еўропы пасля распаду СССР", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Усё ў руках Госпада. Калі ён благаславіць, то нашы вышэйшыя іерархіі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў сустрэнуцца на беларускай зямлі. Думаю, што запросяць туды і прадстаўнікоў мусульманскага свету, і іўдзеяў, і іншых канфесій", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, многія свяшчэннаслужыцелі ў якасці самай святой нагоды для такой сустрэчы прапануюць аддаць даніну памяці загінулым у Першай і Другой сусветных войнах. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта мерапрыемства, напрыклад, можна было б прымеркаваць да ўзвядзення храмаў або капліц розных канфесій або закладкі каменя ў іх будаўніцтва. У якасці месца Аляксандр Лукашэнка прапанаваў раён мемарыяльнага комплексу "Трасцянец", дзе ў гады вайны былі спалены многія тысячы мірных жыхароў самых розных нацыянальнасцей і веравызнанняў.-0-
