20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання паўнацэнна пачнуць працаваць на працягу месяца, паведаміла старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
"Дэпутаты пачнуць работу праз месяц пасля выбараў, а, магчыма, і раней - гэта апошні тэрмін. Да сярэдзіны сакавіка ўсе мясцовыя Саветы дакладна пачнуць працаваць", - сказала Лідзія Ярмошына.
У мясцовыя Саветы ў Беларусі выбраны 18 110 дэпутатаў. Яўка выбаршчыкаў перавысіла 77 працэнтаў. "Выбары праходзілі актыўна ўсюды, пры шырокім назіранні: больш за 35 тыс. мясцовых наглядальнікаў, 46 міжнародных", - адзначыла старшыня ЦВК.
"У цэлым працэс выбараў прайшоў даволі спакойна. Скаргаў, канфліктаў няшмат, - дадала Лідзія Ярмошына. - Усе наглядальнікі цудоўна ведаюць аб'ём сваіх правоў і абавязкаў. На канфлікт ідуць толькі мясцовыя наглядальнікі. Што датычыцца ўзаемаадносін з міжнароднымі наглядальнікамі, ніводнага звароту ў ЦВК аб тым, што дзесьці наглядальніку не аказалі належны прыём, не паступала, і я спадзяюся, што не паступіць".
Яна таксама адзначыла, што на выбары Прэзідэнта Расіі паедуць два наглядальнікі ад ЦВК Беларусі. "Я прапушчу, трэба вучыць іншых. Прыйшла маладая змена, людзі, якія ніколі не былі на выбарах у Расіі, тым больш на выбарах Прэзідэнта. Гэта падрыхтоўка і навучанне членаў ЦВК да нашых выбараў - выбараў Прэзідэнта Беларусі", - дадала Лідзія Ярмошына.-0-