2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Транспартную інспекцыю ў Беларусі плануецца надзяліць паўнамоцтвамі па затрыманні аўтамабіляў замежных перавозчыкаў, якія дапусцілі адміністрацыйныя парушэнні. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік упраўлення кантролю транспартнай дзейнасці дзяржустановы "Транспартная інспекцыя" Іван Алісейка.
"Распрацаваны праект нарматыўнага акта аб унясенні дапаўненняў ва ўказ нумар 268 ад 13 чэрвеня 2013 года, дзе ідзе размова аб некаторых пытаннях дзейнасці Транспартнай інспекцыі. У ім прапануецца надзяліць арганізацыю паўнамоцтвамі па затрыманні транспартных сродкаў замежных перавозчыкаў у выпадку, калі яны дапусцілі адміністрацыйнае парушэнне на тэрыторыі Беларусі. Айчынных перавозчыкаў гэта не датычыцца", - растлумачыў спецыяліст. Ён дадаў, што робіцца гэта для таго, каб іншаземцы, якія атрымалі тут штрафы, не маглі выехаць з краіны, не выплаціўшы іх. Сёння, адзначыў спецыяліст, адпаведнага права ў Транспартнай інспекцыі няма.
Яшчэ адной ініцыятывай, адлюстраванай у праекце, з'яўляецца барацьба з нелегаламі-прадпрымальнікамі. "Мы прапануем унесці норму, па якой транспартны сродак выяўленага нелегала можна будзе вывезці на штраф-стаянку да рашэння суда. Калі суд прыме адпаведнае рашэнне, аўтамабіль адразу будзе канфіскаваны на карысць дзяржавы", - расказаў кіраўнік упраўлення. Ён звярнуў увагу, што за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць у Беларусі прадугледжана акрамя штрафу адказнасць у выглядзе канфіскацыі транспартнага сродку. Прадугледжваецца, што цяпер службовыя асобы Транспартнай інспекцыі змогуць затрымліваць і прымусова эвакуіраваць транспарт на ахоўную стаянку да ўступлення ў законную сілу рашэння суда.
Праект аб унясенні дапаўненняў ва ўказ нумар 268 ад 13 чэрвеня 2013 года прапанаваны для грамадскага абмеркавання. Праект на працягу двух тыдняў будзе размешчаны на сайце Мінтранса Беларусі і зацікаўленыя могуць з ім азнаёміцца, а таксама ўнесці свае прапановы.-0-