Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 жніўня 2014, 13:19

Слуцкі сыраробны камбінат павялічвае пастаўкі ў Расію на 30 працэнтаў

15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат" павялічвае пастаўкі ў Расію на 30 працэнтаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Анатоль Сцяцко.

"Цяпер амаль 56 працэнтаў прадукцыі прадпрыемства экспартуецца. Асноўны партнёр - гэта Расія, куды мы пастаўляем амаль 80 працэнтаў усяго экспарту. У першым паўгоддзі гэтага года мы паставілі ў Расію прадукцыі на агульную суму $100 млн. Улічваючы, што апошнімі днямі інтарэс расійскіх партнёраў да нашай малочнай прадукцыі значна ўзрос, мы павялічваем экспарт у гэту краіну на 30-35 працэнтаў", - расказаў Анатоль Сцяцко.

Як растлумачыў гендырэктар прадпрыемства, асноўную частку імпарту ў Расію складаюць сыры. Самыя папулярныя ў расіян віды - "Пашахонскі", "Кастрамскі", "Тальзіцкі", "Маршал". Любанскі філіял ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат" атрымлівае заказы на пастаўкі значных аб'ёмаў "Галандскага", Капыльскі філіял - "Расійскага".

Паводле слоў кіраўніка прадпрыемства, павялічыць імпарт беларускіх сыроў гатовы Набярэжныя Чаўны, Калінінградская вобласць, Паўднёвая федэральная акруга і іншыя рэгіёны. "Апошнімі днямі прадпрыемства наведалі ўжо некалькі дэлегацый з розных гарадоў. Калі літаральна некалькі дзён таму ў нас заставалася амаль 1 080 т сыру, то цяпер на куплю 800 т з іх кантракты падпісаны ўжо. На наступным тыдні таксама запланаваны візіты расійскіх партнёраў", - дадаў ён.

"У гэтай сітуацыі, калі Расія гатова закупляць больш нашых прадуктаў, мы, вядома, павінны і будзем павялічваць продажы. Разам з тым беларусы таксама не застануцца без нашых малочных прадуктаў, мы гатовы па-ранейшаму забяспечваць унутраны рынак у поўным аб'ёме", - запэўніў Анатоль Сцяцко.

Прадпрыемства экспартуе прадукцыю ў краіны СНД, Еўропы і Азіі. Камбінат атрымаў сертыфікат Халяль для выхаду на рынак Інданезіі. Калі Расія ў асноўным экспартуе сыры, то, напрыклад, Кітай і Японія традыцыйна падаюць заяўкі на сухія малочныя прадукты, краіны Еўрасаюза імпартуюць практычна ўвесь харчовы казеін, што выпускаецца на Слуцкім сыраробным камбінаце.

Слуцкі сыраробны камбінат - адно са старэйшых малочных прадпрыемстваў Беларусі. Сваю гісторыю ён пачаў у 1935 годзе, калі ў Слуцку быў уведзены ў эксплуатацыю масласырзавод. З 1995 года ААТ. У 2007-2008 гадах у склад ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат" увайшлі Уздзенскі гарадскі малочны завод, Старадарожскі маслазавод, Пухавіцкі гарадскі малочны завод, СВК "Знаменскі". Яны былі пераўтвораны ва Уздзенскі, Старадарожскі, Пухавіцкі вытворчыя ўчасткі і Сельскагаспадарчы філіял Слуцкага сыраробнага камбіната адпаведна. У 2012 годзе Слуцкі сыраробны камбінат прадоўжыў узбуйненне і ў склад прадпрыемства ўвайшлі Салігорскі ГМЗ, Любанскі МСЗ, Клецкі МЗ сумесна з Нясвіжскім вытворчым участкам і СВК "Клецкі", Капыльскі МСЗ у якасці філіялаў.

Прадпрыемства выпускае сычужныя і плаўленыя сыры, натуральнамалочную прадукцыю, масла і спрэд, марожанае, маянэз, соусы таматныя, кансерваваную агародніну, фруктовае пюрэ, павідла, джэмы.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі