Сцяг Серада, 1 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 чэрвеня 2016, 16:08

Дні культуры Беларусі пройдуць у Расіі з 19 па 22 чэрвеня

15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дні культуры Беларусі пройдуць у Расіі з 19 па 22 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве культуры Беларусі.

У праграме Дзён культуры запланавана выступленне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі з балетам "Вітаўт" на музыку Вячаслава Кузняцова на гістарычнай сцэне Вялікага тэатра Расіі, а таксама экспанаванне фотавыстаўкі Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Правядзенне Дзён культуры будзе садзейнічаць развіццю культурнага ўзаемадзення паміж краінамі, умацаванню кантактаў і сувязей паміж Беларуссю і Расіяй.

Расійска-беларускае супрацоўніцтва ў сферы культуры паспяхова развіваецца. Штогод праводзяцца папулярныя фестывалі, форумы, конкурсы. Буйнейшы з іх - міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", які ў гэтым годзе адсвяткуе сваё 25-годдзе. Сярод яркіх сумесных праектаў - міжнародныя фестывалі Юрыя Башмета, "Уладзімір Співакоў запрашае".

Сумеснымі намаганнямі ажыццёўлены капітальны рамонт паўднёва-ўсходняй казармы мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" і адкрыта новая экспазіцыя "Музей вайны - тэрыторыя міру". Міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі вядзецца работа над праектам праграмы Саюзнай дзяржавы "Аб увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў", па якой прадугледжваецца выдзяленне сродкаў на капітальны рамонт аб'ектаў Брэсцкай крэпасці "Пяты форт" і "Паўднёвыя казармы", а таксама завяршэнне работ у мемарыяльным комплексе, прысвечаным Першай сусветнай вайне ў Смаргоні Гродзенскай вобласці.

Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм" і Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыяй Саюзнай дзяржавы створаны маштабны гістарычны фільм "Брэсцкая крэпасць", які з поспехам дэманстраваўся ў Беларусі і Расіі. Беларускімі і расійскімі кінематаграфістамі плануецца работа над новым сумесным тэлесерыялам аб міністры замежных спраў СССР Андрэю Грамыку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі