Сцяг Субота, 11 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
04 верасня 2019, 09:20

Рэжым НС аб'яўлены ў Паўночнай Караліне з-за ўрагану "Дорыян"

4 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэжым надзвычайнай сітуацыі аб'яўлены ў Паўночнай Караліне з-за ўрагану "Дорыян". Такое рашэнне прынята прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, паведамляе прэс-служба Белага дома.

Мясцовым уладам будзе аказана федэральная дапамога. Міністэрства ўнутранай бяспекі і Федэральнае агенцтва па кіраванні ў надзвычайных сітуацыях будуць каардынаваць намаганні, каб прадухіліць магчымыя наступствы стыхіі.

Раней ураган "Дорыян" прайшоўся ўжо па Багамскіх астравах, разбурыўшы частку турыстычнай інфраструктуры. Як паведамляе Reuters, аэрафотаздымка астравоў паказала мноства затопленых кварталаў, разбураных будынкаў, перавернутых лодак і транспартных кантэйнераў. У многіх будынках былі часткова сарваны сцены або дахі.

Паводле інфармацыі прэм'ер-міністра Багамскіх астравоў Х'юберта Мініса, колькасць загінулых з-за ўрагану вырасла да сямі. "Мы можам чакаць, што будзе зарэгістравана больш смярцей. Гэта толькі папярэдняя інфармацыя", - сказаў ён на прэс-канферэнцыі. Цалкам ацаніць урон для дзяржавы будзе магчыма толькі пасля таго, як выратавальныя брыгады змогуць дабрацца да разбураных раёнаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі