Сцяг Субота, 11 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
29 сакавіка 2022, 17:26

Мядзінскі расказаў аб кроках па дээскалацыі насустрач Украіне

29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Масква робіць два крокі насустрач Кіеву па дээскалацыі канфлікту. Аб гэтым заявіў кіраўнік дэлегацыі РФ, памочнік прэзідэнта Уладзімір Мядзінскі, паведамляе ТАСС.

"Я магу са свайго боку сказаць, што мы таксама робім два крокі па дээскалацыі канфлікту насустрач", - сказаў ён журналістам. Уладзімір Мядзінскі растлумачыў, што гэтыя крокі датычацца палітычнай і ваеннай частак.

Памочнік прэзідэнта РФ таксама адзначыў, што расійская дэлегацыя атрымала ў Стамбуле ад украінскага боку выразна сфармуляваную пазіцыю і прапановы, якія будуць вывучаны і даведзены да кіраўніцтва краіны. "Мы атрымалі прапановы з боку Украіны для разгляду, выразна сфармуляваную іх пазіцыю па ўключэнні ў дагавор. Гэтыя прапановы будуць разгледжаны ў бліжэйшы час і выкладзены прэзідэнту. І будзе дадзены адпаведны наш адказ", - адзначыў Уладзімір Мядзінскі.

Ён таксама заявіў, што сустрэча Пуціна і Зяленскага магчыма адначасова з парафіраваннем мірнага дагавора кіраўнікамі МЗС. "Мы пасля сённяшняй змястоўнай размовы ўзгаднілі і прапануем рашэнне, па якім сустрэча кіраўнікоў дзяржаў магчыма адначасова з парафіраваннем дагавора міністрамі замежных спраў, тым больш што ў момант гэтага парафіравання і разгляду дэталей дагавора магчыма абмеркаванне розных палітычных нюансаў і дэталей", - сказаў Уладзімір Мядзінскі па выніках расійска-ўкраінскіх перагавораў у Стамбуле.

"Такім чынам, пры ўмове хуткай работы па дагаворы і знаходжанні патрэбнага кампрамісу магчымасць заключыць мір стане значна бліжэй", - дадаў прадстаўнік прэзідэнта Расіі.

Кіраўнік дэлегацыі РФ паведаміў, што Расія атрымала пісьмовыя прапановы ад Украіны, якія пацвярджаюць яе імкненне да нейтральнага і бяз'ядзернага статусу. Паводле яго слоў, прапановы Украіны ўключаюць забарону на знаходжанне на яе тэрыторыі замежных ваенных баз і войскаў. Пісьмовыя прапановы Украіны ўключаюць таксама адмаўленне ад вытворчасці і размяшчэння ўсіх відаў зброі масавага паражэння.

"Мы атрымалі пісьмовыя прапановы ад Украіны, якія пацвярджаюць іх імкненне да нейтральнага, пазаблокавага і бяз'ядзернага статусу, з адмаўленнем ад вытворчасці і размяшчэння ўсіх відаў зброі масавага паражэння, уключаючы хімічную і бактэрыялагічную, і забаронай на знаходжанне на тэрыторыі замежных ваенных баз і замежных войскаў. Такія пісьмовыя прапановы мы атрымалі", - сказаў ён.

Раней паведамлялася, што што расійска-ўкраінскія перагаворы ў Стамбуле ішлі амаль 3 гадзіны. Перагаворы дэлегацый РФ і Украіны прайшлі ў закрытым для прэсы рэжыме ў офісе прэзідэнта Турцыі Далмабахчэ. Ім папярэднічала сустрэча членаў дэлегацый Уладзіміра Мядзінскага і Давіда Арахаміі ў фармаце тэт-а-тэт.

Праведзеныя ў Стамбуле перагаворы сталі першай вочнай сустрэчай дэлегацый Расіі і Украіны з 7 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі