Сцяг Субота, 11 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
18 студзеня 2022, 14:04

Baltnews: санкцыйная вайна з Беларуссю ператварае Літву ў лагістычны тупік

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Крокі Мінска ў адказ ударылі па перавозчыках Літвы. Такі ўрон нельга назваць крытычным для эканомікі балтыйскай краіны, але калі дадаць гэту праблему да ўжо існуючых, то 2022 год будзе для літоўскіх фірм вельмі "цікавым", піша Baltnews.

Недружалюбная палітыка Літвы прадаўжае прыносіць бізнесу балтыйскай краіны горкія вынікі. Нібыта было мала паслядоўнага разрыву эканамічных сувязей з Расіяй, Вільнюс за апошнія два гады рабіў усё, каб гэта адбылося і ў дачыненні да Беларусі.

У выніку ў Літве няўхільна падае транзіт грузаў і тавараабарот з усходнімі суседзямі. Церпяць не толькі вялікія кампаніі балтыйскай краіны, але і просты бізнес, які займаецца прыгранічным гандлем. У гэтым месяцы ў асацыяцыі грузаперавозчыкаў Літвы Linava заявілі, што з-за харчовага эмбарга Беларусі перавозчыкі страцяць каля 100 млн еўра.

Дзякуючы сваёй "дружалюбнай і прадуманай" знешняй палітыцы Літва паступова ператвараецца ў лагістычны тупік, у які ўсё менш возяць тавары і сыравіну. Дэ-факта балтыйская рэспубліка ўсё больш аказваецца ў ізаляцыі.

Адгарадзіцца сцяной, а потым будзем думаць

Транспарціроўка прадуктаў харчавання з Літвы ў Беларусь ацэньваецца прыкладна ў памеры 13 млн еўра ў год. З-за гэтага можа падацца, што для грузаперавозчыкаў балтыйскай дзяржавы страта такога партнёра не такая ўжо трагедыя. Але вось няўдача, геаграфічнае становішча Літвы такое, што ёй наканаваны эканамічныя сувязі з Беларуссю і Расіяй з аднаго боку, і з краінамі Еўрапейскага саюза з другога.

Дзякуючы такому размяшчэнню Літва магла выкарыстоўваць сваю тэрыторыю не столькі дзеля продажу еўрапейскіх прадуктаў харчавання ў Беларусі, колькі дзеля экспарту тавараў у Расію, дзе попыт на іх у пэўнай ступені захаваўся нават пасля санкцый Бруселя і рэстрыкцый Масквы 2014 года ў адказ.

Прасцей кажучы, Мінск быў важным мостам для Вільнюса, які зарабляў на перапраўцы еўрапейскіх тавараў у Расію.

Але вось што цікава. Па выніках 2021 года, як піша газета Financial Times, Літва, Эстонія і Латвія рэзка павялічылі гандлёвы абарот з Беларуссю. Імпарт Літвы з Беларусі дайшоў да адзнакі ў памеры 1 млрд еўра, калі параўнаць з 2020-м, то ён вырас на 50 працэнтаў.

Латвія павялічыла аб'ём закупак тавараў і сыравіны з Беларусі на дзве трэці ў параўнанні з 2020-м - да 407 млн еўра. Эстонія за першыя 10 месяцаў 2021 года імпартавала з Беларусі тавараў і паслуг на суму ўдвая большую, чым у 2020-м, - 522 млн еўра.

Гэта сведчыць аб тым, што бізнес Прыбалтыкі, у тым ліку літоўскія кампаніі, вельмі нават не супраць мець дзелавыя адносіны з усходнім суседам, што б там ні рабілі палітыкі. Аднак літоўскім уладам гэта не цікава. Ім важней захоўваць санкцыі Еўрасаюза супраць Беларусі. Па сутнасці, Вільнюс сам справакаваў эмбарга, якое Мінск увёў супраць свайго суседа.

Прыкладаў недружалюбнай палітыкі мноства. Узяць хоць бы выпадак у канцы снежня 2021 года. У пункце пагранічнага кантролю "Мядзінінкай" літоўскія мытнікі адмовіліся прапускаць груз з аўтазапчасткамі прадпрыемства БЕЛАЗ, якія накіроўваліся ў Боснію і Герцагавіну. У выніку груз коштам 210 тыс. еўра так і не паступіў заказчыку.

Відавочна, што рана ці позна кіраўніцтва Беларусі павінна было выкарыстаць люстраныя меры. Праблема для Прыбалтыкі ў тым, што "ўдар у адказ" з боку Мінска такі ж балючы для Літвы, Эстоніі і Латвіі, як і санкцыі супраць Беларусі.

Усё больш сюрпрызаў для перавозчыкаў

Беларусь у 2021 годзе займала 5-е месца ў спісе буйнейшых рынкаў рээкспарту літоўскіх тавараў. За студзень-кастрычнік 2021 года аб'ём тавараў і сыравіны (не толькі прадукты харчавання) па гэтай лініі склаў каля 730 млн еўра. Цяпер жа балтыйская краіна страчвае такі рынак.

Зрэшты, гэта страта для бізнесу не толькі Прыбалтыкі, але і для еўрапейскага. Як адзначыў у каментарыі літоўскі палітолаг Вадзім Валавой, часткова гэта яшчэ і праблема тых, хто такія прадукты (што ідуць па лініі рээкспарту) з самага пачатку прадае.

Балтыйскія перавозчыкі, у тэорыі, могуць проста знайсці новых кліентаў для дастаўкі аўтатранспартам прадуктаў харчавання. Але праблема ў тым, што на практыцы літоўскім кампаніям не так проста будзе знайсці гэтых самых кліентаў. Як гаворыць эксперт, рынак перавозак у ЕС вельмі канкурэнтны. Ва Усходняй Еўропе ідзе жорсткая барацьба паміж балтыйскімі фірмамі, польскімі, балгарскімі і іншымі. Змагацца за новага кліента вельмі цяжка, бо цэны на такія паслугі і так максімальна нізкія, тут ужо ідзе бойка за выжыванне.

Так, добра, што большая частка бізнесу па перавозках у Літвы ўсё ж такі сканцэнтравана ў Заходняй Еўропе. Але і там хутчэй пачнуцца праблемы, паколькі пачне працаваць "пакет мабільнасці", які абавязвае ўсіх дальнабойшчыкаў кожны месяц вяртацца на адпачынак па месцы прапіскі, ды яшчэ і гнаць туды грузавікі, нагадаў Вадзім Валавой.

"Відавочна, што нямецкім, французскім або нідэрландскім кампаніям прасцей адаптавацца да "пакета мабільнасці". Вярнуць грузавік па месцы прапіскі можна хутчэй, паколькі большая частка работы якраз і праходзіць на захадзе ЕС. А вось усходнееўрапейскім фірмам штомесячны "прагон" пустой машыны на некалькі тысяч кіламетраў - гэта страты. Менавіта таму вялікія літоўскія кампаніі ўжо цяпер стараюцца перабазіраваць свой аўтапарк на захад - у Польшчу", - гаворыць эксперт.

Вадзім Валавой адзначыў, што ў такіх умовах выжывуць толькі самыя вялікія транспартныя кампаніі Літвы, а больш дробныя не змогуць адаптавацца. За кошт гэтага адбудзецца трансфармацыя рынку па дастаўцы грузаў. У балтыйскай краіне застануцца толькі "тытаны", якія паглынуць дробны бізнес.

У цэлым, эмбарга з боку Беларусі нічога добрага Літве не прынясе, упэўнены палітолаг. Калі палітычнае процістаянне адбываецца паміж краінамі, у якіх высокая інтэнсіўнасць трансгранічнага гандлю, пагаршэнне адносін заўсёды суправаджаецца не толькі абменам прэтэнзій, якія, па сутнасці, жыццё простых грамадзян не ўскладняюць, а рэальнымі эканамічнымі праблемамі. "Пры гэтым геаграфічнае становішча і традыцыйныя сувязі падштурхоўваюць бізнес у Літве і Беларусі супрацоўнічаць, таму, як толькі з'яўляецца акно магчымасцей, аб'ёмы гандлю растуць, як мы гэта бачылі ў 2021-м. Праблема ў тым, што палітыкі з зайздроснай перыядычнасцю "зразаюць" гэтыя дасягненні новымі ініцыятывамі", - рэзюмаваў эксперт.

Ці ўдасца адкаціць працэс назад?

Варта нагадаць, што Літва страціла ўжо транзіт беларускіх нафтапрадуктаў. Больш таго, не так даўно ўзнік скандал з транзітам угнаенняў ад кампаніі "Беларуськалій", які прадаўжаецца на фоне санкцый ЗША. У "Літоўскай чыгунцы" заявілі, што хоць рэстрыкцыі супраць Мінска і пачалі дзейнічаць, у кампаніі яшчэ засталіся нявыкананыя кантракты, гэта значыць, што разарваўшы дагавор, кампанія пазбавілася б авансавага плацяжу, а гэта сур'ёзныя страты (аж да банкруцтва).

Вядома, што пагадненне ЛЧ і "Беларуськалія" будзе скасавана 1 лютага. Замяніць такога каштоўнага кліента балтыйскай кампаніі няма кім. Цяпер жа на гэтым фоне праблемы ўзнікаюць і з рээкспартам прадуктаў харчавання па аўтатрасах. У выніку ствараюцца перадумовы для затухання трансгранічнага гандлю з Беларуссю. Транзіт грузаў з Расіі паслядоўна зніжаецца. Застаецца, вядома, еўрапейскі напрамак, але чыгункай імпарт і экспарт грузаў не прыносіць такіх даходаў, ды і попыту на перавозку не так шмат (у Прыбалтыкі няма сыравіны, якую масава гатовы скупляць краіны ЕС). Літва паступова ператвараецца ў лагістычны тупік.

Самае сумнае, што еўрапейскі бізнес, у тым ліку і літоўскі, хацеў бы развіваць адносіны з усходнімі партнёрамі. Прадпрымальнікі з Прыбалтыкі, асабліва ва ўмовах постпандэмійнага крызісу (які можа зноў разгарэцца з новай сілай), хочуць гандляваць з Беларуссю. Аднак трансатлантычны капітал, дзе галоўную скрыпку іграюць амерыканскія ігракі, зацікаўлены ў паглыбленні санкцыйнай вайны Старога Свету і Расіі з яе саюзнікамі.

"Гандлёвае эмбарга б'е па кішэні прадпрыемстваў у Літве, але кампаніі не могуць пакуль нічога зрабіць з бюракратамі як унутры Прыбалтыкі, так і ў наднацыянальных структурах Еўрасаюза. У Беларусі альтэрнатыва ёсць - гэта больш цеснае супрацоўніцтва з краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза і, у першую чаргу, пераарыентацыя на расійскі рынак", - адзначыў старшыня калегіі АНА "Цэнтр даследаванняў і развіцця Еўразійства" Юрый Самонкін.

Паводле слоў эксперта, калі ЕС і кіраўніцтва балтыйскіх краін нічога не прапануюць Мінску, не адменяць рэстрыкцыі, ніякіх перадумоў для аднаўлення трансгранічнага гандлю Літвы і Беларусі не з'явіцца. "Еўрапейскаму бізнесу трэба націскаць на чыноўнікаў у Бруселі, каб тыя нарэшце пачалі думаць пра поспех эканомікі Старога Свету і неабходнасць выбудоўваць партнёрскія адносіны з суседзямі. Аднак я сумняваюся, што ў бізнесу атрымаецца. Еўрабюракратаў у Бруселі больш цікавяць палітычныя задачы, якія дыктуюцца з-за акіяна", - зрабіў выснову Юрый Самонкін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі