Сцяг Нядзеля, 16 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 мая 2024, 16:56

"Выпускны ў кафэ - катэгарычна не". Мінадукацыі аб правілах арганізацыі школьных урачыстасцей

Фота з архіва
Фота з архіва
22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская расказала карэспандэнту БЕЛТА аб правілах, якія трэба выконваць пры арганізацыі ўрачыстых мерапрыемстваў для выпускнікоў школ.

У бягучым годзе выпускнікамі 11-х класаў стануць больш за 55 тыс. маладых людзей, 9-я класы заканчваюць больш за 108 тыс. Урачыстыя мерапрыемствы "Апошні званок" для іх пройдуць 25 мая, а выпускныя вечары з уручэннем атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку асобага ўзору з узнагароджаннем залатым або сярэбраным медалём, адбудуцца 14 чэрвеня.

"Арганізацыя гэтых мерапрыемстваў Міністэрствам адукацыі традыцыйна рэгламентавана. Праводзіць іх трэба ў памяшканнях устаноў адукацыі - гэта, як правіла, школы. У выключных выпадках урачыстасці могуць праводзіцца ва ўстановах культуры або ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Магчыма арганізаваць свята і на адкрытай пляцоўцы, але гэта ўсё роўна павінна быць пляцоўка ўстановы адукацыі. Рэгулярна паступаюць пытанні і ад бацькоў, і ад выпускнікоў аб тым, ці можна праводзіць выпускныя вечары ў рэстаранах, кафэ, забаўляльных цэнтрах і іншых аб'ектах. Адназначна - не. Гэта пазіцыя вызначана ў загадзе Міністэрства адукацыі. Любая лакацыя правядзення ўрачыстага мерапрыемства знаходзіцца на кантролі і органаў упраўлення адукацыі, і органаў унутраных спраў", - расказала Таццяна Асмалоўская.

Яна адзначыла, што на гэты час ужо спланавана правядзенне як "Апошняга званка", так і "Выпускнога вечара". "Адпрацаваны маршруты сустрэчы світання, масавыя гулянні ў горадзе. На ўсіх этапах у мэтах стварэння ўмоў бяспекі будуць арганізаваны дзяжурствы педагагічных і іншых работнікаў устаноў адукацыі. Урачыстасці будуць праходізць таксама ва ўзаемадзеянні з бацькоўскімі калектывамі. Цяпер шырока абмяркоўваецца тэма зместу мерапрыемстваў, сцэнарныя распрацоўкі. Зразумела, мы трымаем на кантролі і гэтыя моманты. Сёння дастаткова творчага патэнцыялу нашых педагагічных калектываў для правядзення цікавых і крэатыўных мерапрыемстваў. Таму сцэнарыі свят распрацоўваюць самі ўстановы адукацыі, да гэтага далучаюцца і педагогі, і самі дзеці, і іх бацькі. Формы выпускных вечароў абсалютна разнастайныя - гэта і школьныя капуснікі, і традыцыйныя конкурсы талентаў, і прэзентацыі кінафільмаў і кінастужак са школьных гадоў. Цікавым фарматам заўсёды была цырымонія ўзнагароджвання, калі нашым выпускнікам уручаюцца розныя ўзнагароды за перамогу ў намінацыях, адзначаюцца пры гэтым і медалісты, і класныя кіраўнікі, і настаўнікі-прадметнікі, і нават настаўнікі пачатковых класаў і медработнікі, інакш кажучы, усе, хто прымаў удзел у жыцці выпускнікоў на працягу 11 гадоў. Таксама цікавымі складнікамі мерапрыемстваў з'яўляюцца памятныя дзеянні ў выглядзе закладкі алеі або капсулы памяці для выпускнікоў будучых гадоў.  Гэта дазволіць падкрэсліць сувязь выпускнікоў са школай, з пакаленнямі іншых выпускнікоў. Вядома, у кожнай установе ёсць свае традыцыі, свае асаблівасці, гэта таксама мае месца быць", - падкрэсліла кансультант галоўнага ўпраўлення.

У гэту суботу ва ўсіх школах краіны пройдуць урачыстыя лінейкі для выпускнікоў, прагучаць апошнія званкі. У панядзелак 11-класнікаў чакае новы іспыт - цэнтралізаваны экзамен. А з 3 па 10 чэрвеня адбудуцца выпускныя экзамены для вучняў 9-х класаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі