Сцяг Пятніца, 19 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 чэрвеня 2024, 15:35

Пархомчык: Беларусь мае намер правесці перагаворы з Кітаем па выдзяленні квот на пастаўку айчынных пелет

Пётр Пархомчык
Пётр Пархомчык
14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае намер правесці перагаворы з Кітаем па выдзяленні квот на пастаўку айчынных пелет. Аб гэтым расказаў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык па выніках нарады Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У краіне, паводле яго слоў, створана 67 пелетных вытворчасцей, з якіх 60 працэнтаў дзяржаўнай формы ўласнасці (знаходзяцца ў веданні Мінлясгаса і Беллеспаперапрама) і 40 працэнтаў - без ведамаснай падпарадкаванасці. Масавае будаўніцтва гэтых вытворчасцей было абумоўлена двума фактарамі: неабходнасцю перапрацоўкі ўтвораных у працэсе вытворчасці адходаў лесапілавання і дрэваапрацоўкі і высокім попытам на гэту прадукцыю ў Еўрасаюзе. Ёмістасць еўрапейскага рынку складае 12,5 млн т у год.

Магутнасць створаных у Беларусі прадпрыемстваў дае магчымасць вырабляць 1 млн т пелет у год. У 2021 годзе ў Еўропу было пастаўлена 570 тыс. т айчынных пелет. Аднак з другой паловы 2022 года рэалізацыя пелет на еўрапейскі рынак стала немагчымай.
"Урадам выпрацаваны комплексныя планы па выкарыстанні пелет на ўнутраным рынку і прадаўжаецца работа па пошуку альтэрнатыўных варыянтаў гэтай прадукцыі ў іншыя краіны", - праінфармаваў віцэ-прэм'ер. У прыватнасці, праведзена першая пастаўка ва Узбекістан - 2 тыс. т. "Ёсць дамоўленасць, што пасля правядзення выпрабаванняў нашых пелет Узбекістан стане нашым пастаянным спажыўцом гэтай прадукцыі", - сказаў ён.

Вялікую цікавасць уяўляе для Беларусі рынак Кітая. "Хоць лагістыка вельмі складаная, але калі яе правільна выбудаваць… З улікам таго, што вялікая колькасць машынакамплектаў ідзе на нашы прадпрыемствы, якія вырабляюць легкавыя аўтамабілі, і гэтыя кантэйнеры вяртаюцца назад пустымі. Калі выбудаваць усё гэта правільна і дакладна, то можна атрымаць добрую лагістыку і для прадпрыемства па вытворчасці легкавых аўтамабіляў, і для пастаўкі пелет у КНР", - растлумачыў Пётр Пархомчык.
Праўда, пакуль істотнай перашкодай для такіх экспартных паставак з'яўляюцца абмежаванні, якія ёсць у Кітаі на пастаўку гэтай прадукцыі з Беларусі і Расіі. "Цяпер мы працуем у гэтым плане, каб дамовіцца з КНР і выдзеліць квоты для таго, каб пастаўляць пелеты. У Кітаі вялікі попыт на нашу цэлюлозу, якую вырабляюць у Светлагорску. Пры перагаворах будзем спрабаваць увязаць гэтыя два пытанні, каб дасягнуць выніку па пастаўцы пелет на рынак КНР".

Што датычыцца асваення айчыннага рынку і нарошчвання аб'ёмаў рэалізацыі, то гэта задача па-ранейшаму актуальная і рэалізуецца ўрадам. "Задача, якую паставіў Прэзідэнт па выніках нарады, - актывізаваць работу на ўнутраным рынку. Гэта і энергетыка, і ЖКГ, унутранае спажыванне", - сказаў намеснік прэм'ер-міністра.

Паводле яго даных, у Беларусі штогод спажываецца 860 тыс. т дроў. У пелетах гэта магло б быць амаль 430 тыс. т. "Але для гэтага трэба правесці вельмі сур'ёзную работу па замене абсталявання (катлоў). І ўрадам падпісана адпаведная пастанова - катлы (іх набыццё. - Заўвага БЕЛТА) для атрымання цеплавой энергіі з пелет датуюцца Беларусбанкам", - расказаў Пётр Пархомчык. Ён падкрэсліў, што патрэбна і сур'ёзная растлумачальная работа ў рэгіёнах, каб пераканаць насельніцтва перайсці з аднаго віду паліва, дроў, на другі - пелеты.
Як паведамлялася, адно з пытанняў, што абмяркоўвалася на нарадзе ў Прэзідэнта, - эфектыўнасць работы пелетных вытворчасцей. Цяперашнюю іх дзейнасць і аб'ёмы рэалізацыі прадукцыі кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў. Прэзідэнт лічыць недастатковымі намаганні па арганізацыі экспартных паставак гэтага віду паліва і па яго выкарыстанні на ўнутраным рынку. Некаторыя адказныя асобы не прыкладаюць дастаткова намаганняў, каб нарасціць аб'ёмы продажаў, разлічваючы на ​​пастаўкі ў краіну прыроднага газу. "У нас жа Прэзідэнт з'ездзіў, дамовіўся... Будзем газам паліць, дровы не патрэбны, пелеты не патрэбны", - прывёў довады такіх чыноўнікаў Аляксандр Лукашэнка.

У гэту сферу ўкладзены немалыя інвестыцыі - як дзяржаўныя, так і прыватныя. Аднак, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, пелетныя вытворчасці па прычыне вядомых знешніх абставін працуюць цяпер сяк-так, растуць запасы нізкасортнай дзелавой драўніны. "Пры гэтым меры, якія прымаюцца ўрадам, шчыра кажучы, выніку не далі", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу: "Калі вытворчасці створаны, яны павінны працаваць. І, зразумела, не на страту. А праблемы, якія ўзнікаюць, трэба вырашаць комплексна і паслядоўна".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі