Сцяг Пятніца, 10 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 студзеня 2021, 09:00

Урач расказала, як знізіць уплыў рэзкай змены надвор'я на самаадчуванне

19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Людзі, якія маюць сардэчна-сасудзістыя захворванні і расстройствы вегетатыўнай нервовай сістэмы, могуць быць успрымальнымі да змены надвор'я. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства аховы здароўя са спасылкай на загадчыцу лабараторыі артэрыяльнай гіпертаніі РНПЦ "Кардыялогія", кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта Вольгу Паўлаву, паведамляе БЕЛТА.

Цяпер у краіне непрывычна марознае надвор'е з прагназуемым наступным рэзкім перападам тэмпературы паветра і атмасфернага ціску. Гэта можа стаць прычынай пагаршэння самаадчування пацыентаў з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, а таксама людзей з паніжаным артэрыяльным ціскам і астэнавегетатыўнымі сімптомамі.

Як адзначыла Вольга Паўлава, уздзеянне холаду ў пацыентаў з вазаспастычнай стэнакардыяй можа правакаваць прыступы боляў за грудзінай, таму ім не рэкамендуецца доўга быць на адкрытым паветры, трэба заўсёды мець з сабой нітрагліцэрын. Яна звярнула ўвагу: рэзкі перапад атмасфернага ціску можа быць самастойным фактарам надвор'я, які садзейнічае абвастрэнню сардэчна-сасудзістых захворванняў. Павышаны атмасферны ціск суправаджаецца сухім бязвоблачным надвор'ем, і пагаршэнне самаадчування адбываецца часцей у гіпертонікаў. Пацыенты скардзяцца на рэзкае павышэнне артэрыяльнага ціску, шум у вушах, частае сэрцабіцце, болевыя адчуванні ў вобласці сэрца, павышэнне трывожнасці. У гэтых умовах рэкамендуецца прымаць таблеткі для зніжэння артэрыяльнага ціску і супакойлівыя. Калі такія меры не прынясуць аблягчэння, неабходна звярнуцца да ўрача. Пры гэтым можа спатрэбіцца інтэнсіфікацыя антыгіпертэнзіўнай тэрапіі - павелічэнне колькасці і дозы лекавых сродкаў.

Пры паніжэнні атмасфернага ціску, што суправаджаецца вялікай колькасцю ападкаў і воблачным надвор'ем, у людзей са звычайна паніжаным артэрыяльным ціскам можа пагоршыцца самаадчуванне. Пры гэтым яны адчуваюць слабасць, галавакружэнне, млоснасць і зніжэнне працаздольнасці. У такіх выпадках гіпатонікам можна выпіць цёплы чай з цукрам, а таксама прымаць адаптагены - у выглядзе чаю або экстракту ў першай палове дня за 1-2 прыёмы. Устойлівы станоўчы эфект з'яўляецца, як правіла, праз 15-30 дзён. "Трэба памятаць, што яны могуць выклікаць павышэнне артэрыяльнага ціску і пачашчэнне сэрцабіцця, таму неабходна загадзя пракансультавацца з урачом. Такія прадукты, як кроп, часнок, абляпіха, імбір, мёд, таксама маюць адаптагенныя ўласцівасці", - дадала Вольга Паўлава.

Людзям з прыкметамі дысфункцыі вегетатыўнай нервовай сістэмы (галаўны боль, хуткая стамляльнасць, санлівасць, парушэнні начнога сну, трывожнасць) рэкамендавана праводзіць сезонную прафілактыку адаптагенамі ў канцы верасня-кастрычніка і ў канцы лютага.

У цэлым, паводле слоў загадчыцы лабараторыі, каб адаптаваць арганізм да ўмоў надвор'я, трэба больш бываць на свежым паветры, часцей праветрываць рабочыя і жылыя памяшканні. Таксама трэба зменшыць фізічную нагрузку, не насіць цяжкія сумкі, не ажыццяўляць мыццё або прыбіранне кватэры, пазбягаць нахілаў і прысяданняў, паколькі гэта дадатковая нагрузка на сардэчна-сасудзістую сістэму.

Неабходна звярнуць увагу і на харчаванне. Рэкамендуецца абмежаваць ужыванне мясных, тлустых і мучных страў, аддаючы перавагу кісламу малаку, кефіру, тварагу, рыбе, агародніне і фруктам. Добра піць свежапрыгатаваныя сокі і морсы, пры гэтым трэба пазбягаць алкаголю, які правакуе празмерную актывацыю сімпатычнага аддзела вегетатыўнай нервовай сістэмы, тым самым узмацняючы сасудзісты спазм, схільнасць да стэнакардыі, гіпертанічных крызаў і арытмій.

"Калі ў дні павышанай метэаактыўнасці вы раптам адчуеце паколванне і зняменне канечнасцяў, болі ў грудзях, якія аддаюць у руку або лапатку, цяжкасці ў вымаўленні слоў і зблытанасць свядомасці, як мага хутчэй звярніцеся да ўрача. Гэта можа сведчыць аб развіцці больш сур'ёзных і небяспечных для жыцця станаў", - звярнула ўвагу медык.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі