Сцяг Нядзеля, 28 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 лютага 2021, 14:50

Першая адукацыйная змена Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка адкрылася ў БДУ

2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першая адукацыйная змена Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка адкрылася ў БДУ. Дзесяць таленавітых школьнікаў з усёй Беларусі па 23 лютага пройдуць падрыхтоўку па напрамку "зялёная хімія" на хімічным факультэце ВНУ. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ВНУ.

"Гэта школьнікі 9-11-х класаў з Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей і Мінска. На працягу трох тыдняў юнакі і дзяўчаты будуць асвойваць навыкі хімічнага эксперыменту і азнаёмяцца з напрамкам "зялёная хімія". Старшакласнікі вывучаць бяспечныя спосабы сінтэзу, даведаюцца пра "зялёныя" растваральнікі і аднаўляльныя крыніцы сыравіны і энергіі, спосабы і прыёмы ачысткі вады, атрыманне палімерных біяраскладальных плёнак", - расказалі ў прэс-службе.

Выкладчыкі БДУ навучаць моладзь рабоце з навуковымі матэрыяламі і складанню тэматычнага праекта. Ім раскажуць аб працэсе збору, аналізу і апрацоўкі неабходнай літаратуры для даследаванняў, асаблівасцях навукова-тэхнічных эксперыментаў, правілах афармлення і публічнай прэзентацыі навуковых рэзультатаў. Вынікам навучання стане абарона падрыхтаванага пад кіраўніцтвам выкладчыкаў БДУ праекта. Аўтараў лепшых работ запросяць для навучання паўторна.

Для школьнікаў таксама падрыхтаваны агульнаадукацыйныя, спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, экскурсіі на профільныя прадпрыемствы і ў навукова-даследчыя ўстановы.

Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк створаны 1 студзеня 2021 года. Яго дзейнасць накіравана на выяўленне і развіццё ў вучняў здольнасцей да навукова-даследчай і вынаходніцкай дзейнасці. Навучанне ва ўстанове праводзіцца па трох напрамках: "зялёная хімія", "робататэхніка" і "інфармацыйныя і камп'ютарныя тэхналогіі". Рэалізуюцца яны на базе БДУ, БНТУ і БДУІР адпаведна. Адбор для навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку праводзіўся ў тры этапы. Хлопцы і дзяўчаты прадставілі даследчы праект, прайшлі тэсціраванне і гутарку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі