Рык Санчэс
17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вядучы шоу "Эфект Санчэса" на тэлеканале RT Рык Санчэс пасля інтэрв'ю з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам адказаў на пытанні беларускіх журналістаў і падзяліўся ўражаннямі ад размовы з кіраўніком дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ён расказаў, што на расійскім тэлеканале цяпер ён адчувае значна большую журналісцкую свабоду і незалежнасць, чым у амерыканскіх СМІ, дзе працаваў раней.
І ў гэтым сэнсе вельмі паказальным з'яўляецца інтэрв'ю з кіраўніком беларускай дзяржавы, якое, як падкрэсліў Рык Санчэс, праходзіла як свабодная размова, адкрыты абмен меркаваннямі, ідэямі без якіх-небудзь абмежаванняў або загадзя агавораных тэм і пытанняў. "Таму калі Лукашэнка дыктатар, то я - каралева Англіі", - іранічна заўважыў журналіст, гаворачы аб сваіх уражаннях ад інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам.
Рык Санчэс шчыра прызнаўся, што на размову з Прэзідэнтам Беларусі ехаў з пэўным прадузятым меркаваннем аб ім як аб "дыктатары", сфарміраваным за гады жыцця ў ЗША. Ён растлумачыў, што, знаходзячыся ў гэтай краіне, вельмі цяжка пазбегнуць стэрэатыпаў, якія насаджваюцца адусюль.
"Калі ты жывеш у ЗША, цябе прывучаюць да думкі, што толькі Амерыка важна, а астатнія краіны не маюць значэння, - растлумачыў журналіст. - Ты чуеш гэта дзень пры дні і верыш (як і я верыў). Да таго часу, пакуль не прыязджаеш у іншыя краіны свету, і тады ў цябе адкрываюцца вочы: аказваецца, ёсць альтэрнатыўная рэальнасць. Гэта не значыць, што ў іншых краінах, напрыклад, Беларусі або Расіі, усё ідэальна. Праблемы ёсць. Але яны - гэтыя краіны - не горшыя, яны проста іншыя. І нам трэба ўсведамляць, абмяркоўваць гэтыя адрозненні, каб станавілася лепш. Гэтым якраз і павінны займацца журналісты".
Ён звярнуў увагу, што інфармацыю пра Беларусь і кіраўніка беларускай дзяржавы ў амерыканскіх і ў цэлым заходніх СМІ таксама цяжка назваць аб'ектыўнай. Менавіта таму журналіст разлічвае, што інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам дапаможа данесці да заходняй аўдыторыі рэальную карціну.
"Беларусь - гэта краіна, якой удалося наладзіць сваё жыццё і пазбегнуць многіх праблем, якія ёсць у суседзяў. Мая работа як амерыканца - паказаць сапраўдную Беларусь. Для мяне таксама вельмі важна, каб мая аўдыторыя ўбачыла, што Беларусь і Прэзідэнт Лукашэнка змаглі сказаць "не" заходняй сістэме і адмовіліся скакаць пад дудку Захаду", - падкрэсліў журналіст.
Акрамя таго, дадаў Рык Санчэс, размова з кіраўніком дзяржавы паказала, што Беларусь адкрыта для добрых адносін з усімі зацікаўленымі ў гэтым краінамі: "Ён (Прэзідэнт Беларусі. - Заўвага БЕЛТА) падкрэсліў, што важна мець добрыя адносіны з Расіяй, Кітаем, КНДР... Тым не менш Беларусь адкрыта для дружалюбных адносін абсалютна з усімі".
У ходзе інтэрв'ю абмяркоўваўся і патэнцыял у адносінах Мінска і Вашынгтона. Рык Санчэс лічыць, што Беларусь можа стаць своеасаблівым мосцікам паміж ЗША і Расіяй. На яго думку, амерыканскі лідар Дональд Трамп спрабуе наладзіць добрыя адносіны з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, але зрабіць гэта напрамую не так проста.
"Трамп не можа адкрыта гаварыць, што ён хоча памірыцца з Пуціным. У Амерыцы будзе шмат пакрыўджаных, яму гэтага не даруюць. Таму пракласці мост з Вашынгтона да Масквы не так проста. А Беларусь можа стаць апорай. Калі спачатку наладзіць адносіны з Мінскам, гэта дасць Трампу магчымасць больш плаўнага падыходу да наладжвання адносін з Расіяй", - сказаў Рык Санчэс.-0-
