Дэдаларызацыя беларускай эканомікі павінна прывесці да яе аздараўлення. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў аналітык групы кампаній Forex Club Валерый Палхоўскі.
Урад і Нацбанк маюць намер паралельна з дэдаларызацыяй эканомікі забяспечваць цэнавую стабільнасць. "Для таго каб адмовіцца ад прывязкі цэн да долара ЗША і еўра, у Беларусі неабходна дабіцца зніжэння інфляцыі, што патрабуе жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі. Гэта балючы працэс, асабліва для прадпрыемстваў з нізкім узроўнем эфектыўнасці", - адзначыў эксперт. Час для такіх мер выбраны не самы просты: складаная сітуацыя назіраецца ў эканоміцы краін-суседзяў і першарадных гандлёвых партнёраў, дадаў ён.
Адна з прычын таго, што беларусы прывыклі пералічваць зарплаты, цэны ва ўмоўных адзінках, - фінансавы крызіс 90-х мінулага стагоддзя. Тады, нагадаў Валерый Палхоўскі, з-за высокай інфляцыі беларускі рубель не мог паўнацэнна выконваць функцыю меры кошту. Даходнасць укладаў у беларускіх рублях не паспявала за ростам цэн. Гэта таксама не садзейнічала таму, каб нацыянальныя грошы выкарыстоўваліся ў якасці сродку зберажэння, сказаў Валерый Палхоўскі.
На гэты момант Нацыянальны банк канстатуе прырост тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва. Рэгулятар заяўляе, што паслядоўная работа, накіраваная на падтрыманне большай прывабнасці зберажэнняў у нацыянальнай валюце адносна замежнай валюты, будзе прадоўжана.
Як паведамлялася, урад і Нацбанк рэалізуюць комплекс мер па дэдаларызацыі эканомікі і павышэнні даверу да нацыянальнай валюты. Размова ідзе аб максімальным абмежаванні ажыццяўлення разлікаў у замежнай валюце на тэрыторыі Беларусі, а таксама адмове ад прывязкі да долара ЗША або еўра пры вызначэнні цэн, ставак па арэнднай плаце, мытных пошлін і іншых плацяжоў.
