Размовы аб адзінай валюце ў краінах ЕАЭС яшчэ ў многім дачасныя. Такое меркаванне выказаў сёння старшы аналітык кампаніі "Альпары" Вадзім Іосуб у час анлайн-відэабрыфінгу на сайце Нацыянальнага прэс-цэнтра і інфармацыйна-аналітычнага партала Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я не стаў бы гаварыць, што непасрэдна цяпер робяцца спробы стварэння валютнага саюза, таму што паміж прапрацоўкай пытання і стварэннем валютнага саюза ляжыць вельмі вялікая дыстанцыя. Размовы аб адзінай валюце ў краінах ЕАЭС яшчэ ў многім дачасныя", - лічыць Вадзім Іосуб.
Эксперт нагадаў, як ствараўся валютны саюз у Еўропе, дзе гэты працэс заняў даволі шмат часу. "Для краін, якія збіраліся ў ім удзельнічаць, былі выпрацаваны так званыя Маастрыхцкія крытэрыі. Размова ішла аб тым, што ў краін павінен прыблізна супадаць узровень інфляцыі, дэфіцыт бюджэту, павінна быць абмежаванне адносна знешняга доўгу да ВУП", - растлумачыў старшы аналітык кампаніі "Альпары". Такім чынам, эканомікі краін у многім павінны былі быць сінхранізаваны і гарманізаваны.
Гаворачы аб краінах ЕАЭС, Вадзім Іосуб звярнуў увагу, што іх эканомікі цяпер знаходзяцца на розных стадыях свайго развіцця, перажываюць розныя эканамічныя цыклы. "Штучна ўзяць і ўвесці адзіную агульную валюту цяпер проста немагчыма", - лічыць эксперт. Паводле яго слоў, гэтаму павінен папярэднічаць доўгі працэс па сінхранізацыі эканамічнай палітыкі, павінны быць збліжаны падатковыя сістэмы, прынцыпы курсаўтварэння і функцыянавання фінансавых рынкаў.
"Толькі вынікам такой гарманізацыі эканомікі ў даволі аддаленай перспектыве можа стаць абмеркаванне тэмы ўвядзення адзінай валюты", - рэзюмаваў ён.
