Устанаўленне прамых кантактаў паміж рэгіёнамі - аснова далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў у мэтах умацавання Саюзнай дзяржавы. Такое меркаванне выказала міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Мар'яна Шчоткіна на секцыйным пасяджэнні "Беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў сферы працоўных адносін і сацыяльнай абароны насельніцтва" трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Узаемадзеянне на рэгіянальным узроўні заўсёды дае плён, паколькі ўстанаўленне прамых кантактаў паміж рэгіёнамі - аснова далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў у мэтах умацавання Саюзнай дзяржавы", - сказала міністр.
Яна выказала надзею на плённую работу секцыі, у ходзе якой будуць разгледжаны пытанні роўнасці правоў грамадзян Беларусі і Расіі, роля парламентарыяў у забеспячэнні роўных сацыяльна-працоўных правоў, асноўныя напрамкі развіцця агульнага рынку працы, развіццё пенсійных сістэм і сістэм сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, а таксама сумесная дзейнасць па гарантаванні бяспечных умоў працы.
Па выніках работы секцыі плануецца прыняць рэкамендацыі, у якіх павінны знайсці адлюстраванне намеры бакоў па правядзенні ўзгодненай сацыяльна-працоўнай палітыкі ў далейшым.
Першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Расійскай Федэрацыі Аляксей Воўчанка высока ацаніў сумесную работу ў сферы працоўных адносін, сацыяльнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання. Ён лічыць гэта сур'ёзным дасягненнем на карысць грамадзян Расіі і Беларусі.
