Пры змяненні заканадаўчай базы павінны быць пачуты ўсе прапановы бізнесу. Такое меркаванне 31 сакавіка ў час выязнога семінара ў Гродне выказаў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Перад намі стаіць і амбіцыйная задача па стварэнні стратэгіі развіцця прадпрымальніцтва да 2030 года: што неабходна зрабіць, каб малы бізнес хутчэй уключаўся ў эканамічныя схемы і ланцужкі, каб больш даваць па валавым унутраным прадукце. А гэта зарплата, занятасць насельніцтва, якраз вырашэнне пастаўленых перад намі задач", - адзначыў Уладзімір Зіноўскі. Ён падкрэсліў, што прадстаўнікі ўлады, выконваючы гэтыя даручэнні, абавязаны пашыраць і ідэі бізнесу.
Міністр таксама расказаў, што па выніках пасяджэння рабочай групы ў Адміністрацыі Прэзідэнта плануецца вынесці на грамадскае абмеркаванне праекты дакументаў, накіраваных на стымуляванне дзелавой актыўнасці, удасканаленне кантрольна-нагляднай дзейнасці і выключэнне залішніх патрабаванняў да бізнесу.
"Эканоміка развіваецца, наперад ідзе жыццё, зразумела, што заканадаўчая база будзе мяняцца, каб задавольваць тыя ці іншыя патрэбнасці бізнесу і дзяржавы", - адзначыў Уладзімір Зіноўскі. Ён падкрэсліў, што да меркавання прадстаўнікоў бізнесу ў гэтым выпадку прыслухаюцца. "Нельга ж вырашаць пытанні для бізнесу без бізнесу. Кожны чалавек павінен быць пачуты. Могуць быць выказаны абсалютна розныя пункты гледжання: напрыклад, меркаванне індывідуальнае, як умоўнаму прадпрымальніку зручна. Але трэба глядзець, як зрабіць добра ў цэлым бізнесу і дзяржаве", - сказаў міністр. Усе бізнес-прапановы будуць разглядацца ў бізнес-саюзах, саветах па развіцці прадпрымальніцтва, затым акумулявацца ў органах улады, дзе будзе выбудоўвацца канчатковая рэдакцыя якіх-небудзь нарматыўных актаў.
"Перад намі пастаўлена задача, што прадпрымальніцтва павінна развівацца пэўнымі тэмпамі, каб да 2020 года дайсці да ўзроўню 38-40 працэнтаў у валавым унутраным прадукце. Цяпер гэта доля складае каля 28 працэнтаў", - адзначыў Уладзімір Зіноўскі. Дасягаць гэтага можна рознымі шляхамі, таму галоўным прадметам абмеркавання ў Гродне стала дапамога прадпрымальніцтву, разняволенне дзелавой ініцыятывы.
