Дэкрэт нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" пасадзейнічае фарміраванню непрымірымасці грамадства з гэтай з'явай. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Шыцько.
"Калі ёсць заканадаўчы дакумент, што пацвярджае і ўмацоўвае дакладную пазіцыю дзяржавы, гэта мяняе сітуацыю. Цяпер асяроддзе інакш будзе рэагаваць на ўхіленне людзей, якія раней не працавалі або скрывалі даходы сваёй занятасці, ад усеагульных абавязкаў. І, магчыма, грамадства сваім стаўленнем прымусіць утрыманцаў задумацца і выправіцца", - сказаў Уладзімір Шыцько.
Дэпутат выказаў асабістае непрыняцце таго, што нехта адмаўляецца працаваць. "Як чалавек, які ўсё жыццё працаваў, я гэтага не разумею. Безрабоцце нават змяняе псіхалогію чалавека. Даказана, што калі год не працаваць, то вярнуцца да працы вельмі складана. Дармаедства выклікае бытавыя, сямейныя праблемы, а таксама сацыяльнае зло - крадзяжы, іншыя віды злачынстваў. Але я хачу падкрэсліць: мы не супраць свабоды выбару. Аднак трэба разумець, што ў кожнага чалавека ёсць абавязацельствы перад дзяржавай, якая дапамагла яму вырасці. І кожны працаздольны грамадзянін павінен уносіць уклад у бюджэт, каб утрымліваць старых, інвалідаў, іншыя катэгорыі людзей, якія сапраўды маюць патрэбу ў гэтым", - дадаў парламентарый.
Дэкрэт нумар 3 устанаўлівае абавязак грамадзян Беларусі, пастаянна пражываючых у рэспубліцы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, па выплаце збору ў памеры 20 базавых велічынь.
Дакументам вызначаны вычарпальны пералік катэгорый грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты збору. У прыватнасці, гэта недзеяздольныя грамадзяне, інваліды, асобы маладзейшыя за 18 гадоў, жанчыны, якія дасягнулі ўзросту 55 гадоў, мужчыны, якія дасягнулі ўзросту 60 гадоў, і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян.
Дэкрэт уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання і будзе прымяняцца да адносін, што ўзніклі з 1 студзеня 2015 года.
