Сцяг Нядзеля, 8 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
15 снежня 2014, 13:30

Сяргей Маскевіч: Беларусь і Расія дасягнулі поспехаў у пабудове адукацыйнай прасторы

Беларусь і Расія дасягнулі поспехаў у пабудове адукацыйнай прасторы. Аб гэтым заявіў журналістам міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч перад пачаткам сумеснага пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі Беларусі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, а таксама Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.


Паводле слоў міністра, з 1996 года ў Беларусі і Расіі была праведзена каласальная работа па паглыбленні інтэграцыі з мэтай забеспячэння сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства на аснове аб'яднання матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялу дзяржаў-удзельніц. Сістэмнасць і шматвектарнасць супрацоўніцтва ў сферы адукацыі дзвюх краін забяспечваюць больш за 600 дагавораў рознага ўзроўню. "Пры гэтым заканадаўчае замацаванне грамадскіх адносін у сферы адукацыі пастаянна ўдасканальваецца. Прыкладам такой сістэмнай работы можа служыць прыняцце ў Беларусі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, а ў Расіі - Федэральнага закона аб адукацыі. У выніку сістэмы адукацыі дзвюх краін сталі бліжэйшыя, устаранёны многія адрозненні ў прававым рэгуляванні", - адзначыў Сяргей Маскевіч.


Важнай асаблівасцю развіцця адукацыі дзвюх краін павінна стаць забеспячэнне супастаўнасці зместу адукацыі, адзначыў ён. У якасці перспектыўных напрамкаў далейшага развіцця супрацоўніцтва міністр вылучыў пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу, яго метадычнага суправаджэння і атэстацыі навучэнцаў. Таксама патрабуюць гарманізацыі падыходы, звязаныя з распрацоўкай нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, у першую чаргу гэта датычыцца прафесійных стандартаў, класіфікатараў прафесій і г.д.


Намецілася плённае супрацоўніцтва паміж ВНУ прыгранічных абласцей. Вядучую ролю ў гэтым узаемадзеянні адыгрываюць ВНУ Магілёўскай, Гомельскай, Смаленскай і Бранскай абласцей. Захаванню і прымнажэнню партнёрскіх сувязей садзейнічаюць мерапрыемствы з прыцягненнем фінансавых сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы. Намецілася ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння колькасці такіх мерапрыемстваў і іх удзельнікаў. "Так, у 2013 годзе на фінансаванне сумесных мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы міністэрствам адукацыі Беларусі і Расіі было выдзелена з саюзнага бюджэту амаль 31,5 млн расійскіх рублёў. Спадзяёмся, што ў наступным годзе сума будзе не меншая", - сказаў міністр.


Сяргей Маскевіч таксама адзначыў, што сярод сумесных праектаў на будучае ў планы двух міністэрстваў унесены: арганізацыя эксперыментальных пляцовак па апрабацыі практык навучання і выхавання; стварэнне пастаянна дзеючага інфармацыйнага партала, прысвечанага пытанням падрыхтоўкі кадраў ва ўстановах прафесійнай адукацыі; адкрыццё сумесных устаноў адукацыі; прававое рэгуляванне рэалізацыі сеткавага навучання; магчымасць атрымання і легалізацыі "двайных" дыпломаў выпускнікамі ўстановы адукацыі, сумесная распрацоўка і рэалізацыя праграм Саюзнай дзяржавы і іншыя.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі