Сцяг Серада, 11 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
03 мая 2016, 17:21
Мікалай Шарснёў

Школьнай адукацыі павінна быць дастаткова, каб паступіць у ВНУ без рэпетытара

Мікалай Шарснёў

Школьнай адукацыі павінна быць дастаткова, каб паступіць у ВНУ без рэпетытара. Аб гэтым заявіў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў на сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На сесіі размова ішла аб развіцці сістэмы адукацыі Віцебскай вобласці з акцэнтам на аптымізацыі сеткі ўстаноў. Губернатар падкрэсліў, што галоўнае тут - стварэнне ўмоў, каб кожнае дзіця магло атрымаць максімальна якасныя адукацыйныя паслугі. "Ці маем мы сёння той узровень школьнай адукацыі, які павінен быць?! Відавочна, што часта без рэпетытараў дзіцяці не адолець тэсціравання, а значыць, не стаць студэнтам. Менавіта таму бацькі ўжо за некалькі гадоў да паступлення пачынаюць мітусіцца і шукаць моцных педагогаў, каб падрыхтаваць школьніка да паступлення, - канстатаваў губернатар. - Але дзяржава ўкладвае ў адукацыю велізарныя сродкі, якія затрачваюцца на тое, каб вывучыць дзяцей, а ў выніку веды адшліфоўваюць рэпетытары. Гэта няправільна, значыць, сістэму адукацыі трэба сур'ёзна ўдасканальваць".

Мікалай Шарстнёў лічыць, што павышаць якасць адукацыі трэба за кошт максімальна эфектыўнага выкарыстання фінансавання, у тым ліку праз аптымізацыю сеткі школ.

Губернатар паставіў перад старшынямі райвыканкамаў задачу скрупулёзна прааналізаваць работу кожнай школы з улікам яе месцазнаходжання. "Ёсць перспектыва ў таго населенага пункта, дзе знаходзіцца школа з напаўняльнасцю класаў у некалькі чалавек, або няма? Калі відавочна, што ў бліжэйшыя гады там зусім не будзе першакласнікаў, у класах навучаецца па 1-2 чалавекі, а працуе 25 педагогаў, то такую школу трэба закрываць", - сказаў ён і дадаў, што вызначыцца з лёсам кожнай такой установы неабходна на працягу 2016 года.

У вырашэнні гэтай няпростай задачы будзе шмат цяжкасцей, адзначыў губернатар. Асабліва акуратна трэба паставіцца да пачатковых класаў, іх, верагодней за ўсё, давядзецца пакідаць. "Дзеці зусім маленькія, і вазіць іх на вучобу ў іншыя населеныя пункты, можа, не варта. Але старэйшых дзяцей трэба збіраць у вялікія школы з добрай матэрыяльнай базай і высокакваліфікаванымі педагогамі. Неабходна прадумаць пытанне стварэння пры такіх школах інтэрнатаў", - дадаў Мікалай Шарстнёў.

"За гэтымі рэформамі стаяць людзі. Нікога нельга ўшчаміць або пакрыўдзіць, усім неабходна прапанаваць прымальныя варыянты працаўладкавання. Гэтыя пытанні павінны быць прапрацаваны вельмі ўважліва. І педагогі, і бацькі павінны зразумець, што ўсё гэта робіцца дзеля заўтрашняга дня, для будучага дзяцей. Усе мы хочам, каб дзеці атрымалі добрую адукацыю, уладкаваліся ў жыцці і былі паспяховымі. Давайце ўсе разам ісці да гэтай мэты", - сказаў старшыня аблвыканкама.

На заканчэнне губернатар яшчэ раз падкрэсліў, што ўсе фінансы, якія вызваляцца ў выніку аптымізацыі сістэмы, застануцца ў галіне. "Пры такім падыходзе мы за 2 гады значна ўдасканалім матэрыяльную базу школ, затым пачнём будаваць новыя ўстановы адукацыі", - рэзюмаваў ён.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі