Сцяг Нядзеля, 15 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
11 красавіка 2014, 15:06

Надзея Ермакова: Прадпрыемствы не павінны адносіцца да крэдытаў як да панацэі

Прадпрыемствы не павінны адносіцца да крэдытаў як да панацэі. Такое меркаванне 11 красавіка журналістам выказала старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова ў Гродне перад выязным пасяджэннем праўлення банка па праблемных пытаннях узаемадзеяння банкаўскага і рэальнага сектара эканомікі Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.


Надзея Ермакова растлумачыла, што сёння даволі высокая ступень закрэдытаванасці беларускіх прадпрыемстваў. Асабліва праблематычнай на гэтым фоне выглядае сельская гаспадарка, некаторыя сферы прамысловасці, у прыватнасці машынабудаванне. Востра стаяць пытанні рэалізацыі прадукцыі ў машынабудаванні, ідуць актыўныя пошукі новых рынкаў збыту. "Сёння - у стане пэўнай рэцэсіі ў сусветнай эканоміцы - прадпрыемствам асабліва важна падлічваць свае магчымасці, у тым ліку пры прыняцці рашэння звярнуцца да крэдытных рэсурсаў банкаў. Узяць крэдыт для выратавання - такое рашэнне не павінна станавіцца панацэяй. Кожны кіраўнік павінен добра ўяўляць, якім чынам лепш выкарыстоўваць крэдытныя рэсурсы, а можа быць, лепш наогул адысці ад крэдыту. У сваю чаргу нам важна высветліць, якім чынам дапамагчы прадпрыемствам разлічыцца з даўгамі, каб яны прадаўжалі працаваць, не спыняліся ў гэты складаны час", - растлумачыла старшыня праўлення Нацбанка.


Гаворачы аб магчымым зніжэнні працэнтных ставак па крэдытах для прадпрыемстваў, Надзея Ермакова адзначыла, што цяпер гэта не ўяўляецца рэальным. Стаўка па крэдытах залежыць ад цаны крэдытных рэсурсаў, а яны складаюцца са сродкаў прадпрыемстваў, што захоўваюцца на рахунках банкаў, тэрміновых дэпазітаў і сродкаў насельніцтва, якіх на гэты момант ужо больш за 40 працэнтаў. "Самы балючы складальнік - сродкі насельніцтва. Калі стаўка па дэпазітах насельніцтва будзе апускацца, людзі будуць закрываць уклады і купляць валюту. Наша галоўная задача - не дапусціць, каб даходнасць па ўкладах насельніцтва знізілася да той ступені, каб было больш выгадна захоўваць сродкі ў валюце. Таму гэту стаўку да мяжы знізіць нельга. А прадпрыемствы хочуць узяць танны крэдыт. Але гэтыя два моманты - кошт рэсурсу і кошт крэдыту - увязаны паміж сабой. Не можа быць так, каб стаўка па ўкладах расла, а па крэдытах зніжалася. Гэта нерэальна", - растлумачыла яна.


Нацбанк увёў новую форму работы з рэгіёнамі ў выглядзе правядзення пашыраных пасяджэнняў з кіраўніцтвам банкаў, прыдпрыемстваў і адміністрацый абласцей. Такое пасяджэнне прайшло ўжо ў Брэсце, а сёння праходзіць у Гродне. Галоўная мэта - высветліць шляхі павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння банкаў і рэгіянальных прадпрыемстваў розных галін прамысловасці, прадпрыемстваў-экспарцёраў, пачуць праблемы, растлумачыць спецыфіку банкаўскіх тэхналогій, форм банкаўскай дапамогі прадпрыемствам.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі