Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч лічыць, што Мытнаму саюзу трэба больш актыўна працаваць над стварэннем транснацыянальных карпарацый. Такую думку кіраўнік беларускага ўрада агучыў сёння на сустрэчы з кіраўнікамі гандлёва-прамысловых палат Беларусі, Расіі і Казахстана, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У цэлым інтэграцыйныя пытанні ў МС развіваюцца даволі дынамічна, адзначыў Міхаіл Мясніковіч, аднак існуе шэраг момантаў, якія патрабуюць прапрацоўкі.
У прыватнасці, партнёрам па МС трэба было б падумаць аб рэалізацыі праектаў па стварэнні транснацыянальных карпарацый, што, безумоўна, надало б больш устойлівасці ўзаемнаму супрацоўніцтву. "Транснацыянальныя карпарацыі павінны быць. Гэта базіс для інтэграцыйных працэсаў", - адзначыў кіраўнік урада. Паводле яго слоў, размова ідзе як аб праектах, якія маглі б быць рэалізаваны краінамі - удзельніцамі Мытнага саюза, так і з прыцягненнем партнёраў з трэціх краін.
Яшчэ адзін момант, які неабходна ўрэгуляваць, - няроўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання. "Урады (наш, шчыра скажу, у меншай ступені) грашаць тым, што ў аднабаковым парадку прымаюцца рашэнні ў падтрымку нацыянальных таваравытворцаў, што стварае ў Адзінай эканамічнай прасторы няроўныя ўмовы", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Нявырашаным у МС застаецца і пытанне аб статусе тавараў. Нават унутры "тройкі" яны разглядаюцца не як тавары Мытнага саюза, а па-ранейшаму ідэнтыфікуюцца як беларускія, расійскія і казахстанскія. Вырашэнне гэтага пытання, адзначыў кіраўнік беларускага ўрада, дало б магчымасць больш выразна выбудоўваць сістэму прэферэнцый адносна айчынных тавараў.
"Думаю, што надышоў час нам сур'ёзна падумаць і аб высокіх тэхналогіях, - прадоўжыў Міхаіл Мясніковіч. - Пакуль мы гэтыя пытанні пакідаем на потым, але за гэтым будучае. Усё больш і больш на рынку Адзінай эканамічнай прасторы прысутнічаюць праграмнае забеспячэнне, заходнія высокія тэхналогіі (у тым ліку гэта датычыцца ваенна-прамысловага комплексу)". МС, адзначыў прэм'ер, таксама не павінен адставаць.
Міхаіл Мясніковіч закрануў і іншыя пытанні, вырашэнне якіх мае не менш важнае значэнне для трох дзяржаў. У прыватнасці, была агучана неабходнасць удасканалення плацежнай сістэмы - у разліках, на думку прэм'ера, павінна ў большай ступені выкарыстоўвацца нацыянальная валюта. Чарговы раз узнімалася пытанне аб выбудоўванні адзінай прамысловай палітыкі з Казахстанам. Акрамя таго, прэм'ер абазначыў некаторыя сістэмныя праекты, якія маглі б быць рэалізаваны ў МС. У прыватнасці, партнёры маглі б разам вырашаць пытанні імпарту лякарстваў, нафтахіміі.
Падводзячы вынік, Міхаіл Мясніковіч выказаў занепакоенасць зніжэннем тавараабароту ў МС. "Нягледзячы на тое, што мы аб'ядналі ўсе нашы намаганні, стварылі Мытны саюз, свабодную эканамічную прастору, рыхтуецца праект дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, тавараабарот паміж краінамі падае. Так, у 2013 годзе ён склаў 91 працэнт да 2012-га, у першым квартале бягучага года - 93 працэнты да нізкай базы мінулага года", - сказаў прэм'ер.
