Сцяг Серада, 11 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
30 мая 2014, 11:55

Леанід Майсееў: Дзярждатацыі АПК павінны ісці непасрэдна сельгасарганізацыям за вырабленую прадукцыю

Дзяржаўныя датацыі аграпрамысловаму комплексу краіны павінны ісці непасрэдна сельгасарганізацыям за вырабленую імі прадукцыю. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар ЗАТ "Агракамбінат "Зара" Леанід Майсееў.


Паводле слоў гендырэктара, адным з важных аспектаў павышэння фінансавай плацежаздольнасці арганізацый сельскай гаспадаркі з'яўляецца даціраванне. "За кожную тону малака і мяса трэба даваць датацыі, прычым непасрэдна гаспадаркам", - лічыць ён.


Напрыклад, адзначыў кіраўнік, для таго каб "Зара", а гэта буйнейшая гаспадарка ў Магілёўскай вобласці з замкнёным цыклам вытворчасці, нармальна развівалася, неабходна мець у месяц Вr32 млрд даходаў, у тым ліку на пагашэнне крэдыту - Вr4 млрд. Месячная выручка гаспадаркі складае каля Вr27 млрд - не хапае Вr5 млрд. Калі зрабіць рэструктурызацыю крэдыту на 5 гадоў, то баланс атрымаецца дадатны. Гэта будзе ўсяго толькі аднаразовае ўліванне, якое аблегчыць на некаторы час фінансавы стан гаспадаркі. Таму калі не даць датацыю на адзін кілаграм малака і мяса, то праз пару гадоў гаспадарка зноў прыйдзе да такога ж стану.


Леанід Майсееў таксама лічыць, што на вытворчыя мэты - на пасяўную і ўборачную кампаніі патрэбны даступныя крэдытныя рэсурсы, стаўка рэфінансавання павінна быць у разумных межах. Трэба дабіцца таго, каб у адной запрэжцы былі і вытворца, і перапрацоўшчык. Гэта датычыцца тых прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі, у якіх няма ўласнай перапрацоўкі. На думку Леаніда Майсеева, у вобласці неабходна стварыць холдынг або акцыянернае таварыства, куды б увайшлі ўсе вытворцы і перапрацоўшчык малака. Кожнаму ў залежнасці ад колькасці прададзенага малака вызначаць долі, але пры гэтым кантрольны пакет - у вытворцаў. Павінен быць створаны савет акцыянераў, да кампетэнцыі якога адносіліся б пытанні размеркавання атрыманага прыбытку па выніках работы, выдзяленне грашовых сродкаў на будаўніцтва і рэканструкцыю малочнатаварных ферм, будаўніцтва новых вытворчых аб'ектаў, мадэрнізацыю абсталявання і інш.


"Толькі па рашэнні саміх вытворцаў малочнай прадукцыі гэты прыбытак можа быць размеркаваны па справядлівасці, - лічыць гендырэктар. - Такі падыход заахвоціць вытворцу да павелічэння вытворчасці і атрымання больш якаснай прадукцыі, паколькі ён будзе разумець, што чым больш вырабіць, тым больш атрымае".


Мерапрыемствы, распрацаваныя ўрадам краіны па павышэнні эканамічнай эфектыўнасці работы АПК, дадуць магчымасць паспяхова развівацца сельскай гаспадарцы, забяспечваючы харчовую бяспеку краіны, упэўнены кіраўнік агракамбіната.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі