Сцяг Серада, 11 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
05 чэрвеня 2014, 18:44

Канстанцін Сумар: У АПК не хапае добрых кіраўнікоў

У аграпрамысловым комплексе не хапае добрых кіраўнікоў. Такое меркаванне выказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар у час абласнога Дня аховы працы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.


Эфектыўнасць рэформ і ў цэлым гаспадарання ў АПК, як і ў любой іншай галіне, на думку губернатара, у першую чаргу залежыць ад асобы кіраўніка. "Зямлі патрэбны гаспадар - гэта аксіёма. Мы з вамі павінны выхоўваць кіраўніка, ад якога будзе залежаць эфектыўнае вядзенне вытворчасці", - сказаў Канстанцін Сумар, звяртаючыся да старшынь райвыканкамаў, кіраўнікоў абласных службаў і ведамстваў.


Падставай для звароту да тэмы ўдасканалення работы ў АПК паслужыла наведванне ўдзельнікамі абласнога Дня аховы працы малочнатаварнай фермы "Яменка" адкрытага акцыянернага таварыства "Відамлянскае" Камянецкага раёна. Да нядаўняга часу гэта ферма, праўда, зусім у іншым выглядзе і якасці, належала іншаму ААТ. У жніўні 2013 года "Відамлянскае" далучыла да сябе адстаючую гаспадарку. На МТФ за кароткі тэрмін была праведзена рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў - з абсталяваннем сучаснай даільнай залы, укараненнем новых тэхналогій. Цяпер тут больш як у два разы павялічыліся надоі (да 15 кг малака за суткі), створаны добрыя бытавыя ўмовы для работнікаў фермы.


"Быў там кіраўнік, атрымліваў зарплату, ездзіў кудысьці на машыне. Увогуле, ствараў бачнасць работы, а толку ніякага. Прыйшоў новы чалавек, добры гаспадар, і зрабіў там рэвалюцыю. Мы часам трацім мільярды рублёў на нейкія будынкі, жывёлагадоўчыя памяшканні. Там ўсё вырашана з мінімальнымі затратамі. Вось так усім трэба рабіць", - паставіў у прыклад дырэктара ААТ "Відамлянскае" Міхаіла Страпко губернатар.


У кожным раёне знойдзецца некалькі гаспадарак, дзе працуюць так сабе. Гэта рэзерв для нарошчвання вытворчасці, перакананы Канстанцін Сумар. "Вось калі старшыні райвыканкамаў і ўсе спецыялісты насядуць на гэта прадпрыемства, недзе дапамогуць, недзе з кіраўніком разбяруцца - зусім іншая справа будзе. І мы без асаблівага напружання і вялікіх фінансавых затрат за кошт такіх гаспадарак мінімум на 10 працэнтаў павялічым вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Гэта самы мінімальны парог. Таму трэба яшчэ раз паглядзець, дзе мы можам падціснуць. І тады ў нас зусім іншая сітуацыя будзе і іншыя рэзультаты нашай работы", - рэзюмаваў кіраўнік рэгіёна.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі